Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адрачэ́нец, ‑нца, м.

Той, хто адрокся ад ранейшых сваіх поглядаў, перакананняў; здраднік. Пулю прымай, Адрачэнец шалёны!.. Лойка.

адрачэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адрачыся.

2. Афіцыйны дакумент пра адмаўленне ад сваіх правоў. Падпісаць адрачэнне.

адро́ддзе, ‑я, н.

Зневаж. Чый‑н. патомак, нашчадак. [Ганна:] — Тут жа яго [маёра] расстраляць! Каб нідзе не пакідаць за сабой адроддзе панскае! Нікановіч. [Чачык:] — Падумаеш, начальнікам вялікім зрабіўся.. Калі я злодзей, то ты тады адроддзе зладзейскае. Пташнікаў. / Ужываецца як лаянка. [Агата:] — Ідзі, адроддзе воўчае, адгэтуль! Бядуля.

адро́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адрадзіць.

2. у знач. прым. Які адрадзіўся, аднавіўся. Адроджаная зямля. Беларускі народ ганарыцца сваімі адроджанымі гарадамі і вёскамі.

адро́ек, ‑ройка, м.

Малады рой пчол, які нядаўна аддзяліўся ад старога роя.

адро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адраіць.

адро́зненне, ‑я, н.

Рыса, асаблівасць, якая робіць адметнымі адзін прадмет, адну з’яву ад другога прадмета, другой з’явы. Класавыя адрозненні ў грамадстве. Дыялектныя адрозненні.

•••

Знакі адрознення гл. знак.

адро́знівацца, ‑аецца; незак., ад каго-чаго.

Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць адзін прадмет ад другога. [Маладзейшы] вельмі адрозніваўся ад свайго панурага таварыша і выглядам, і жвавасцю рухаў. Самуйлёнак.

адро́зніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да адрозніць.

2. З’яўляцца адметнай асаблівасцю, адзнакай аднаго прадмета, адной з’явы ў параўнанні з іншымі прадметамі, з’явамі. Толькі тое магло б больш-менш адрозніваць гэтую сям’ю, што старэйшая дачка.. любіла шмат і весела смяяцца. Брыль.

адро́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Заўважыць розніцу паміж прадметамі, з’явамі; распазнаць, вылучыць. [Сцяпан:] — Іншага сабаку — ваўкарэзіну нават спрактыкаванаму воку цяжка адрозніць ад ваўка. Пальчэўскі. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі.