Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сашчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць адно з адным пры дапамозе сашчэпак, клямараў і пад. Сашчапіць паперы. Сашчапіць вагоны. □ [Анікей] сашчэпіць.. [лодкі] цугам, выедзе на раку і ўхопіцца за якую-небудзь баржу, што ідзе на Васілі... Ракітны. // Злучыць разам, сплятаючы (рукі, пальцы). Лёня падняў дзве рукі над галавой, сашчапіў іх і тым самым паказаў, што вітае.. [спявачку]. Сабаленка. Потым.. [капітан] паклаў рукі на стол, зроблены з жэрдак, сашчапіў пальцы. Асіпенка. Чарэнда сашчапіў кулак, чамусьці доўга глядзеў на яго, быццам вывучаў, пасля пацёр кончыкамі пальцаў сваю поўную шчаку і.. сарамліва ўсміхнуўся. Чыгрынаў. // Моцна сціснуць (зубы). Падышоўшы да Наздрэйкавай хаты, .. [Сомік] сашчапіў зубы і кінуўся да акна. Крапіва.

2. Заціснуць, моцна трымаючы што‑н. [Іра] ўзяла і сашчапіла паперку ў кулаку — пэўна, дзеля канспірацыі. Марціновіч.

3. Разм. Сшыць на скорую руку, наспех. — Ідзі, — дазваляе маці. — А я яшчэ пашыю. Да адвячорка яшчэ паспею сашчапіць Ігналю сарочку. Васілевіч.

сашчапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да сашчапіцца.

2. Зал. да сашчапляць.

сашчапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да сашчапіць.

сашчы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Шчыпкамі сарваць, абарваць што‑н. Сашчыкаць лісце. // Шчыкаючы, звесці на нішто. Яўген Мікалаевіч, бывае, забудзецца і сашчыкае, з’есць нішчымны хлеб. Місько.

сашчы́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сашчыкваць — сашчыкаць.

сашчы́квацца, ‑аецца; незак.

Зал. да сашчыкваць.

сашчы́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сашчыкаць.

сашчыкну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сашчыкнуць.

сашчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да сашчыкваць.

сашчы́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сашчыпаць.