адраза́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адрэзацца.
2. Зал. да адразаць.
адраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адрэзаць.
адразны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прыстасаваны для адразання, які адразаецца. Адразны талон.
2. Не суцэльны, прышыты. Адразная сукенка.
3. Прызначаны для адразання. Адразны станок.
адра́зу, прысл.
1. У той самы момант, неадкладна, зараз жа. Чытаць пачаў ён [Богут] і адразу Агнём успыхнуў яго твар. Колас. Маці, стомленая за дзень, адразу засынае. Бядуля. // Адначасова. Коннікі ўварваліся ў цэнтр мястэчка адразу з усіх пяці вуліц. Брыль. // Непасрэдна за чым‑н. (у прасторавых і часавых адносінах). Адразу за агароджай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. Шыцік. Завіхурыла адразу пасля каляд. М. Стральцоў.
2. За адзін раз, з першага разу. [Люсан:] — У сумцы змяшчалася вялікая акумулятарная батарэя, здольная аддаць адразу ўвесь.. зарад. Шамякін. [Апанас:] — Малады ты яшчэ, Зэнак. Як гэта ты адразу зробіш, каб усё было як мае быць... Чорны.
3. З самага пачатку, ад першага разу. Хлопец адразу не спадабаўся Мажэйку. Шахавец. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.
адраі́цца, ‑раіцца; зак.
Выдзеліцца з старога роя і стаць самастойным роем.
адра́іць, ‑ра́ю, ‑ра́іш, ‑ра́іць; заг. адра́й; зак.
Параіць не рабіць чаго‑н., адгаварыць ад чаго‑н. Ходзячы па палосках,.. [каморнік] паспрабаваў з адным, з другім пагаварыць, каб адраіць араць, але хутка.. безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у вёску. Галавач. [Марына:] — Нашаму заводу былі прапанавалі выпускаць легкавыя машыны, аднаму цэху, ці што, але Арцём Паўлавіч адмовіўся. — Ці не ты адраіла? — усміхнуўся Андрэй. Шахавец.
адраі́ць, ‑раю́, ‑раі́ш, раі́ць; раі́м, ‑раіце́; зак.
Аддзяліць частку пчол для ўтварэння новага роя.
адрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адрачыся.
адрамантава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адрамантаваць.
адрамантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Паправіць, зрабіць прыгодным для карыстання што‑н. сапсаванае. Адрамантаваць трактар. □ Стафанковічы адрамантавалі млын, як мае быць, і гаспадар пусціў яго ў ход у першую вялікую адлігу. Чорны. // перан. Жарт. Вылечыць.
адра́нак, ‑нку, м.
Абл.
1. Ранак. Брыду адранкам ля ракі, збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка.
2. Ранішняя пасьба кароў. Сонца стаяла высока — бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну. Пташнікаў.