Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адрабо́т, ‑у, М ‑боце, м.

Тое, што і адработак.

адрабо́так, ‑тку, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адрабіць (у 1 знач.).

2. толькі мн. (адрабо́ткі, ‑аў). Праца селяніна сваімі прыладамі і коньмі на памешчыка, кулака за доўг, зямлю. Парабкам [фон Крош] плаціў вельмі мала, уся вёска хадзіла да яго на адработкі. Арабей.

адрабо́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адработку (у 2 знач.). Адработачная рэнта. Адработачная гаспадарка.

адраджа́льны, ‑ая, ‑ае.

Здольны адраджаць, аджыўляць. [Купала:] — А хіба «жывая вада» з нашых казак гэта не народная вера ў адраджальную сілу зямлі? Лужанін.

адраджа́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адрадзіцца.

2. Зал. да адраджаць.

адраджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адрадзіць.

адраджэ́нне, ‑я, н.

1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.

2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.

адраджэ́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адраджэння. Адраджэнскі рух. Адраджэнскія ідэі.

адрадзі́цца, ‑родзіцца; зак.

Стаць зноў жывым; аджыць. // Абудзіцца да новага жыцця; аднавіцца, паявіцца зноў. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.

адрадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Аднавіць пасля перыяду разбурэння, заняпаду, часовага знікнення; выклікаць уздым, росквіт чаго‑н. Адрадзіць прамысловасць, гаспадарку. Адрадзіць традыцыі. □ Тое, што.. [Наталля Пятроўна] так хвалюецца, адрадзіла ў Сяргея надзею, якая амаль ужо згасала. Шамякін. [Андрэй:] «Ты сваім лістом усхвалявала мяне да апошняга, адрадзіла ўсё, што было між намі». Пестрак.