Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.

2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.

3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.

4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.

аднастані́чнік, ‑а, м.

Той, хто родам з адной з кім‑н. станіцы, жыве або жыў з кім‑н. у адной станіцы.

аднаство́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Аднаствольная стрэльба. За плячыма ў Лаўрэна тырчэла стрэльба-аднастволка. Якімовіч.

аднаство́льны, ‑ая, ‑ае.

З адным ствалом. Аднаствольны мінамёт.

аднаство́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адну створку. Аднастворкавыя вокны.

аднасто́пны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з адной стапы. Аднастопны радок верша.

аднастру́нны, ‑ая, ‑ае.

З адной струной. Аднаструнная ліра.

аднасхі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адзін схіл. Аднасхільны дах.

аднасяльча́нін, ‑а; мн. ‑чане, ‑чанаў і ‑чан; м.

Тое, што і аднаселец. Мо ён [Калінін] у родны кут паехаў к зямлякам І там з аднасяльчанамі гаворыць. Зарыцкі. [Старшыня:] — Іду на вуліцу і сустракаю былога свайго аднасяльчаніна, калісьці разам свіней пасвілі. Шахавец. На чацвёртым тыдні вайны на вачах усёй вёскі фашысты павесілі.. аднасяльчаніна Розума Фёдара. Сіняўскі.

аднасяльча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да аднасяльчанін.