Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адбо́рка, ‑і, ж.

Спец. Выстругванне адмысловым гэблікам-адборнікам фігурнай паверхні чаго‑н. Адборка карніза.

адбо́рнік, ‑а, м.

Гэблік з вузкім лязом для выстругвання фігурнай паверхні чаго‑н. Якога толькі інструменту ў .. [бацькі] не было! І гэблікі, і адборнікі, і калёвачкі, і пазнікі, і пілкі ўсялякія. Пальчэўскі.

адбо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Адабраны з ліку іншых як лепшы; першагатунковы, выдатны. Адборнае насенне. □ Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Колас. Атрад налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль. Па дарозе Ілью Кавальчуку трапляліся фурманкі і аўтамашыны, нагружаныя адборнай сухой бульбай. Паслядовіч.

2. Вельмі грубы, непрыстойны. Жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны. Дамашэвіч.

адбрадзі́ць, ‑браджу, ‑бродзіш, ‑бродзіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закончыць, перастаць брадзіць (пра піва, квас і пад.).

2. Правесці мяжу на сенакосе.

адбракава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адбракаваць.

адбракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Аддзяліць недабраякаснае, бракоўнае. Адбракаваць маладняк.

адбрако́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адбракоўваць.

адбрако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адбракаваць.

адбрако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адбракоўваць — адбракаваць.

адбраха́цца, ‑брашуся, ‑брэшашся, ‑брэшацца; зак.

Разм. груб. Адгаварыцца, адмовіцца ад чаго‑н.; выкруціцца. — Ідзі сюды, Анэта, а то я адна не адбрашуся, — пачула яна голас суседкі Агаты. Чарнышэвіч.