Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адпускна́я, ‑ой (‑ое), ж.

Дакумент аб водпуску. Праверыць адпускную. // Дакумент, паводле якога за паншчынай прыгонны адпускаўся на волю; вольная. Атрымаць адпускную.

адпускні́к, ‑а, м.

Той, хто ідзе ў адпачынак, знаходзіцца ў водпуску. — Куды зямляк? — Ды от.. у водпуск, на пабыўку пасля шпіталю .. Адпускнік раптам як успомніў што. Ён вельмі ажывіўся, нецярпліва стаў наглядаць на дарогу, на бярозы. Чорны.

адпускні́ца, ‑ы, ж.

Жан. да адпускнік.

адпускны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да водпуску. Адпускны месяц. Адпускны білет.

2. у знач. наз. адпускны́я, ‑ых. Зарплата за водпуск. Атрымаць адпускныя.

•••

Адпускная цана гл. цана.

адпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабнуць, зрабіцца менш нацягнутым, заціснутым. Гайкі адпусціліся. Супоня адпусцілася. □ Грузавік — відаць, у ім адпусціліся тармазы — заднім ходам павольна коціцца ўніз да рэчкі. Хомчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць гарт ад награвання (пра металічныя рэчы, вырабы).

3. перан. Палагаднець, змякчыцца; стаць больш згаворлівым. [Люба:] Родная матка не мачыха: пазлуе і адпусціцца. Козел.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уст. Зняцца, даравацца (пра грэх, віну і пад.). Гісторыяй асуджаны паны; Ім не адпусціцца віна — Прыпомніцца ім здзек... Колас.

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

адпу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адпусціць.

адпушчэ́нне, ‑я, н.

Уст. Дараванне грахоў, віны і пад. Адпушчэнне грахоў.

•••

Казёл адпушчэння гл. казёл.

адпы́рскваць, ‑ае; незак.

Адбіваць, адлюстроўваць што‑н. ад якой‑н. паверхні. Сонца ўжо было не відаць. Толькі макаўкі ліп і каштанаў заліты яго развітальным святлом, а шкляныя чарапічыны-акенцы дахаў, павернутых на захад, адпырсквалі, нібы гуляючы люстэркам, промні. Брыль.

адпы́рхвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Аддзімаючыся носам, ротам, адганяць ваду. [Чалавек] капаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады. Брыль.