сало́місты, ‑ая, ‑ае.
З вялікімі сцёбламі, які дае многа саломы (пра злакі). Саломістае жыта. // Які ўтрымлівае вялікую колькасць саломы. Саломісты гной. Саломісты корм.
сало́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да салома. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.
2. зб. Сцёблы абабітага льну, канапель. Бор павялічвае ўраджай саломкі і насення льну. «Весці».
3. Спец. Тонкія драўляныя палачкі, з якіх робяць запалкі. Машыны наразаюць саломку для запалак. «Беларусь».
4. Назва некаторых гатункаў цукерак, пячэння, макароны і пад. у выглядзе тонкіх доўгіх палачак або трубачак.
сало́н 1, ‑а, м.
1. Парадная гасціная або зала для прыёму гасцей у арыстакратычным доме. // Камфартабельна абсталяванае памяшканне для пасажыраў па параходзе, у поездзе, а таксама агульная гасціная ў атэлі, гасцініцы і пад. У музыкальным салоне На цеплаходзе «Латвія» Сабраліся пасажыры — Вандроўнікі знатныя. Калачынскі.
2. Літаратурны або грамадска-палітычны гурток з вядомых асоб арыстакратычнага асяроддзя, якія пастаянна збіраліся ў прыватным доме. Міцкевіч быў у салоне Саламеі Бэкю, прысвяціў гаспадыні верш і прыхільна адгукнуўся аб паэтычных практыкаваннях яе сына. Лужанін.
3. Зала для дэманстрацыі і продажу прадметаў гандлю. Салон жаночага адзення. Салон абутку. // Магазін мастацкіх вырабаў і твораў мастацтва. Разоў з пяць абышла.. [Муза Сымонаўна] салон, аднак усе карціны здаваліся ёй не такімі, якую б хацеў мець у сваім кабінеце Пятро Іванавіч. Арабей.
4. Памяшканне для пасажыраў у аўтобусе, тралейбусе і пад. У салоне самалёта было прасторна і светла. Хадкевіч.
5. Зала, памяшканне спецыяльнага прызначэння. Дамскі салон-цырульня.
•••
Салон-вагон — пасажырскі вагон, у адной палавіне якога размешчаны купэ, а ў другой — агульная зала для пасажыраў.
[Фр. salon.]
сало́н 2,
гл. салоны.
сало́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салона (у 1, 2 знач.). Салоннае выхаванне. // Які прыняты ў салоне, такі, як у салоне. Салонныя танцы. Салонная спрэчка.
2. Разлічаны на густы салона (у 2 знач.); лёгкі, павярхоўны, без зместу, пусты. Салонная паэзія. □ Сцёпка Мякіш сказаў чамусьці не проста дзякую, а па-польску — дзенькуе, што павінна было азначаць нешта блізкае да колішняга салоннага мерсі. Брыль.
сало́ны 1, ‑аў; адз. салон, ‑а, м.
Народнасць тунгуса-маньчжурскай (эвенкійскай) этнічнай групы, якая жыве ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
сало́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Абл. Салёны. — Люблю скваркі салоныя, — сказаў.. [Тамаш], кусаючы блінец. Чорны.
сало́ўка, ‑і, м.
Разм. Памянш.-ласк. да салавей. Зацёхкаў салоўка, зязюля лічыла на сонных палянках прыморскія дачы. Вялюгін. Салоўка пяе адвечную песню кахання, і трэлі яго нясуцца па ўсім лузе. Бядуля.
сальварса́н, ‑у, м.
Прэпарат з арганічнага злучэння мыш’яку, які выкарыстоўваецца для лячэння сіфілісу, малярыі, зваротнага тыфу.
[Ням. Salvarsan.]
сальві́ніевы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сальвініі, належыць ёй. Сальвініевае сцябло.
2. у знач. наз. сальві́ніевыя, ‑ых. Род вадзяных раслін тыпу разнаспоравых папаратнікаў.
сальві́нія, ‑і, ж.
Вадзяная аднагадовая травяністая расліна сямейства сальвініевых; вадзяная папараць. Для Палесся таксама характэрна прысутнасць такіх рэдкіх рэліктавых відаў раслін, як вадзяны арэх, альдраванда, сальвінія і жоўты рададэндран. «Весці».
са́льда, нескл., н.
Спец. Астатак, розніца паміж прыходам і расходам рахунку. Сальда гандлёвага балансу.
[Іт. saldo.]