сало́н 1, ‑а, м.
1. Парадная гасціная або зала для прыёму гасцей у арыстакратычным доме. // Камфартабельна абсталяванае памяшканне для пасажыраў па параходзе, у поездзе, а таксама агульная гасціная ў атэлі, гасцініцы і пад. У музыкальным салоне На цеплаходзе «Латвія» Сабраліся пасажыры — Вандроўнікі знатныя. Калачынскі.
2. Літаратурны або грамадска-палітычны гурток з вядомых асоб арыстакратычнага асяроддзя, якія пастаянна збіраліся ў прыватным доме. Міцкевіч быў у салоне Саламеі Бэкю, прысвяціў гаспадыні верш і прыхільна адгукнуўся аб паэтычных практыкаваннях яе сына. Лужанін.
3. Зала для дэманстрацыі і продажу прадметаў гандлю. Салон жаночага адзення. Салон абутку. // Магазін мастацкіх вырабаў і твораў мастацтва. Разоў з пяць абышла.. [Муза Сымонаўна] салон, аднак усе карціны здаваліся ёй не такімі, якую б хацеў мець у сваім кабінеце Пятро Іванавіч. Арабей.
4. Памяшканне для пасажыраў у аўтобусе, тралейбусе і пад. У салоне самалёта было прасторна і светла. Хадкевіч.
5. Зала, памяшканне спецыяльнага прызначэння. Дамскі салон-цырульня.
•••
Салон-вагон — пасажырскі вагон, у адной палавіне якога размешчаны купэ, а ў другой — агульная зала для пасажыраў.
[Фр. salon.]
сало́н 2,
гл. салоны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)