адплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; зак.
1. Плывучы, аддаліцца на нейкую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Адплысці ад берага.
2. Перамясціцца куды‑н.; пасплываць. У даль начную адплылі Усе хмурынкі, што так ззялі Красой дзівоснай для зямлі. Астрэйка. Туман адплыў на ўзлессе ракі. Броўка. // перан. Павольна, плаўна аддаліцца. Бярозавыя прысады.. парадзелі, бы расступіліся, адплылі ўбок, і неяк адразу ж за імі з’явіўся камбайн. Савіцкі. // Мінуцца, знікнуць. Адплылі ў таямнічую далеч яго [Сяргея] басаногія гады, адплылі і не вернуцца. Шахавец. Думкі пра малодшага сержанта хутка без следу адплылі. Мележ.
3. Выйсці ў плаванне. Ціха ў порце, бо на параходзе ў Аргенціну адплыў жывы тавар. Танк.
адплыццё, ‑я, н.
Адыход (судна) ад берага; выхад у плаванне. Адплыццё парахода.
адплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; зак.
Тое, што і адплысці.
адплю́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адплюшчыць.
2. у знач. прым. Не закрыты павекам, расплюшчаны (пра вочы). [Ніна:] — Думаеш, я не заўважаю, як ты падоўгу ляжыш у ложку з адплюшчанымі вачыма і ад нечага трывожнага не можаш заснуць. Шахавец.
адплю́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адплюшчыць.
адплю́шчыцца, ‑плюшчыцца; зак.
Адкрыцца, расплюшчыцца (пра вочы). Павекі вачэй заварушыліся, сілячыся адплюшчыцца. Якімовіч.
адплю́шчыць, ‑плюшчу, ‑плюшчыш, ‑плюшчыць; зак., што.
Адкрыць, расплюшчыць (пра вочы). Калі.. [Завішнюк] адплюшчыў вочы, убачыў, як над лесам, над самымі Мсціжамі, там, куды вяла шаша, гарыць зараза. Пташнікаў.
адплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; ‑плюёмся, ‑плюяцеся; зак.
1. Плюючы, ачысціць рот ад чаго‑н. [Аўдзей:] — Учора павёў.. [кабылу] да калодзежа.., а яна як вырвецца з маіх рук ды як капане заднімі нагамі, дык увесь твар мне заляпіла, ледзь адпляваўся. Кулакоўскі.
2. перан. Сплёўваючы, выказаць агіду да чаго‑н., нежаданне мець з кім‑н. справу.
адплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.
Пляўком выдаліць што‑н. з рота.