Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адпла́та, ‑ы, ДМ ‑плаце, ж.

1. Разлік, плата (за працу, паслугу, доўг); аплата. [Байкач:] Што вам трэба? [Пякарская:] Адплата па векселях. Гурскі. [Сёмка:] — Уся сям’я працуе цэлы год, а ў канцы — нічагусенькі ў адплату. Гартны. [Сімон:] — Зямлю іхнюю.. [жанчын] бяру сабе ў адплату доўгу. Самуйлёнак. // Аддзяка за клопат, дбанне.

2. перан. Помста, кара за злачынства, крыўду. [Алешын:] Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла.

адплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

1. Разм. Заплаціць належнае за працу, доўг; разлічыцца. [Каменка:] — Баяцца [сяляне], што як дадуць рамантаваць рабочым [інвентар], дык не адплацяцца потым. Галавач. [Марына:] — Возім пану — нельга адплаціцца. Хоць ідзі ўжо з торбай за парог. Бялевіч. // Аддзякаваць за клопат, дбанне. І ўсё шчыра табе [хлеб] паслугоўвалі так, Каб на воку нас, бедных, ты меў... А ты што нам зрабіў, адплаціўся ты як? Купала.

2. перан. Панесці якое‑н. пакаранне за свае ўчынкі, дзеянні. [Рыгор:] — Разбурыла паліцыя і забастовачны камітэт і арганізацыйны камітэт.. Колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся. Гартны.

адплаці́ць, ‑плачу, ‑плапіш, ‑плаціць; зак.

1. Аддзячыць, узнагародзіць за што‑н. (клопат, працу і пад.). Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Зямля] адплаціць увосень хлебаробу за яго шчырую працу багатым ураджаем. «Звязда». // Адказаць якімі‑н. дзеяннямі, учынкамі, словамі на чые‑н. дзеянні, учынкі, словы. Нявольнікі працы адплацяць паўстаннем За раннюю старасць, за слёзы маленства. Глебка. Убачыўшы на твары Паліны непрыязнасць, цяпер ужо не схаваную, .. [Шмякаў] зразумеў сапраўдны сэнс Палініных слоў і адплаціў ёй іранічным позіркам. Савіцкі.

2. перан. Адпомсціць за крыўду, злачынства. Ды знайшоўся.. адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды. Якімовіч. [Салдаты:] — Дамоў направіліся мы, Каб адплаціць за ўсе нягоды І ганьбу з нашага народу Крывёй праклятых гадаў змыць. Танк.

•••

Адплаціць (плаціць) той жа манетай — адказаць тым жа, такім жа ўчынкам, такімі ж адносінамі.

адпла́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адплаціць.

адпла́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адплаціцца.

2. Зал. да адплачваць.

адпла́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адплаціць.

адпле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце, ‑плятуць; зак., што.

Аддзяліць, расплятаючы.

адпле́сціся, ‑пляцецца; ‑плятуцца; зак.

Аддзяліцца ад чаго‑н. сплеценага.

адпле́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адплесці.

адплёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адплявацца.