Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адвя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адвязацца.

2. Зал. да адвязваць.

адвя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адвязаць.

адвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак., ад (да) каго-чаго і без дап.

1. Павярнуцца ўбок ад (да) каго‑, чаго‑н., павярнуць галаву. [Турцэвіч] прыгарнуў да грудзей малых і жонку, моцна іх па чарзе пацалаваў, адвярнуўся, неўзаметку змахнуў з вачэй слёзы і сказаў вазаку паганяць коней. Гурскі.

2. перан. Выказваючы сваю непрыязнасць, парваць сувязі, адносіны з кім‑н. Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка. // Адмовіцца ад чаго‑н., перастаць займацца чым‑н. [Бабка:] — А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас. Стары айчым угаворваў .. ехаць на яго .. зямлю і займацца гаспадаркай.. Клебер адвярнуўся ад гэтай прапановы. Чорны.

3. Разм. Адлучыцца, адысціся на кароткі час. [Бабейка:] — За ім [Саўчуком] я заўсёды, спакойны — куды б ні адвярнуўся з калгаса, ён усё зробіць як след. Хадкевіч.

•••

Бог адвярнуўся ад каго гл. бог.

адвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок. Стары Казімір спыніўся перад сынам, які сядзеў ў канцы .. стала, і так доўга глядзеў на яго, што сын аж адвярнуў галаву да акна. Пестрак. Калі аднаго разу .. [Зося] ішла па вуліцы і дала «дзень добры» Грамабоісе.., дык тая толькі нос у другі бок адвярнула, плюнула і моцна скляла Зосю. Крапіва. // перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.). Цяпер іншыя справы адвярнулі ўвагу ад дому, ад сям’і, што, здавалася, іначай і не павінна быць. Пестрак.

2. Варочаючы, адсунуць. Адвярнулі [браты], камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. Якімовіч. Кузьма падбег к барознам і рукамі адвярнуў скібы раллі, каб паказаць старую мяжу. Нікановіч. // Паставіць на месца што‑н. перавернутае, абернутае. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне. Колас.

3. Адагнаць, накіраваць у другі бок (жывёлу). [Міхалка:] — Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі. Чорны.

4. Адагнуць край чаго‑н. Чудзін жахнуўся, умомант адвярнуў халявы і азірнуўся навокал. Карпюк. Васіль адвярнуў каўнер кажушка. Колас.

5. безас. Разм. Аб пачуцці непрыязні, агіды, да каго‑, чаго‑н. З таго часу і адвярнула.. [Яўхіма] ад пчол. Кулакоўскі.

•••

Нос адвярнуць — выказаць сваё незадавальненне чым‑н., паставіцца да чаго‑н. з пагардай, выявіць незадавальненне чым‑н.

адвясло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адвеславаць.

адвячо́рак, ‑рка, м.

Перадвячэрні час. Сінім снежным адвячоркам Грыбок хадзіў ад акна да акна па сяле, загадваў ісці .. на сход. Мележ. Заходзіла сонца, але ўжо на самым захадзе яно сцьмела, і адвячорак спахмурнеў. Чорны. Быў ранні адвячорак. Яшчэ недзе прыветліва свяціла сонца. А пакой ужо напоўніўся змрокам. Шамякін.

адвячо́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да адвячорка. Адвячоркавая пара.

адвячо́ркам, прысл.

У хвіліны перад самым вечарам. Невядома, як доўга цягнулася б гэта гісторыя, каб аднаго разу адвячоркам не прыйшла да іх настаўніца. Колас. Выйдзі адвячоркам у жытное поле і паслухай пошум спелых каласоў. Вітка.