Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сасма́жыцца, ‑жыцца; зак.

Стаць смажаным, гатовым для яды.

сасма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Прыгатаваць для яды смажаннем. — Дастань хіба сала ды сасмаж, — звярнуўся.. [Кандрат] да жонкі, — яны ж, мусіць, не посцяць... Галавач. Грыбы трэба было зварыць ці сасмажыць у чым-небудзь. А ў чым жа іх зварыш? Хіба што ў бляшанцы. Сабаленка.

сасмакта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасмактаць.

сасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.

1. Высмактаць (якую‑н. вадкасць) поўнасцю, да канца.

2. Смокчучы, паступова зрасходаваць. Сасмактаць цукерку. Сасмактаць драбок цукру. // Разм. груб. Скурыць (тытунь, папяросу, люльку). Сасмактаць пачак папярос.

3. Разм. Змардаваць, знясіліць смактаннем. Кацяняты сасмакталі кошку.

сасмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сасмактаць.

сасмя́глы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сасмаглы. Узрушаны Косця, з двара У скочыўшы хуценька ў дом, Сасмяглы, прыпаў да вядра, Напіўся сцюдзёнкі нагбом. Калачынскі. Аблізаўшы сасмяглыя, гаркаватыя губы, Лёдзя паспрабавала ўсміхнуцца. Карпаў. Сінія званочкі, сінія званкі Стаялі сасмяглыя, сонныя. Бураўкін.

сасмя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Тое, што і сасмагнуць. Апошнюю кроплю з біклагі не п’юць [салдаты], хоць сасмяглі зусім. Гаўрусёў. Твар лейтэнанта быў белы, як крэйда, губы сасмяглі. Курто. А лета было сухім, без дажджынкі, зямля сасмягла, патрэскалася. Лынькоў.

сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.

Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.

•••

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

саснава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад саснаваць.

саснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

Разм.

1. Зрасходаваць снуючы (пражу, ніткі). Саснаваць усе ніткі.

2. Сплесці (пра павуціну).