Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адо́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адарыць.

адо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адарыць.

адо́рвень, ‑я, м.

Спец. Адарваная глыба горнай пароды, прынесеная ледавіком. Адорвені дэвонскіх парод.

адпаве́дна,

1. прысл. Належным чынам, суразмерна.

2. прыназ. з Д і Т. Згодна чаму і згодна з кім-чым; у залежнасці ад чаго‑н. Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва націскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця. Колас. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. — Яна ўмацоўвалася адпаведна з ростам тэхнікі. Самуйлёнак.

адпаве́днасць ‑і, ж.

Узгодненасць, роўнасць ці падабенства з’яў, прадметаў у якіх‑н. адносінах. Адпаведнасць вытворчых адносін ступені развіцця прадукцыйных сіл.

•••

У адпаведнасці з чым — згодна з чым‑н.

адпаве́днік, ‑а, м.

Што‑н. раўназначнае, раўнацэннае чаму‑н.; эквівалент. Аўтар [кнігі «Роднае слова» Ф. Янкоўскі] падрабязна разглядае спецыфічныя гукі беларускай фанетыкі, супастаўляючы іх з рускімі адпаведнікамі. «Полымя».

адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Лынькоў. [Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну]. Зарэцкі.

2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных. Юргелевіч. На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў. Брыль. // Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад. Колас.

адпавяда́нне, ‑я, н.

Разм. Тое, што і адказ (у 1 знач.). На добрае пытанне добрае і адпавяданне. Прыказка. Якое пытанне, такое і адпавяданне. Прыказка.

адпавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.

1. Быць у суладнасці, стасавацца з чым‑н.; гарманіраваць. Пейзаж тут новы, і ён на дзіва адпавядае душэўнаму стану галоўнага героя. Кучар. У годзе ёсць адзіная пара, што сталаму адпавядае ўзросту. Русецкі.

2. Быць вартым чаго‑н., падыходзячым для якіх‑н. мэт; задавальняць. [У.І. Ленін] звяртаў асаблівую ўвагу на тое, наколькі светапогляд пісьменніка, яго бачанне рэчаіснасці адпавядаюць думкам і пачуццям народных мас. Івашын.

3. Супадаць, быць роўным, аднолькавым з чым‑н. Цана павінна адпавядаць вартасці тавару. Копія адпавядае арыгіналу. □ Тое.. [ўяўленне] аб рабфаку, што склалася ў Сцёпкі дома, зусім не адпавядала таму рабфаку, які Сцёпка бачыў цяпер перад сабою. Колас.

4. Быць у пэўных суадносінах, сувязі з чым‑н. Большасці цвёрдых адпавядаюць мяккія зычныя, у выніку чаго ўтвараюцца суадносіны зычных у беларускай мове па цвёрдасці і мяккасці. Юргелевіч.

адпада́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адпадаць — адпасці (у 1 знач.).