Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адо́зва, ‑ы, ж.

Пісьмовы або вусны зварот да каго‑н. з заклікам, просьбай. [Маша:] — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін.

адо́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адолець.

адо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў. Мележ. // Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё. Дуброўскі.

2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. жаданні, пачуцці і пад. [Алешын:] Не маю сіл адолець я сумненні. Бачыла. [Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак. Мележ. Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты. Мікуліч. // Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога. Быкаў. Клопаты зноў адолелі Андрэя. Шахавец.

3. Справіцца з чым‑н., асіліць якую‑н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу. Пальчэўскі. // Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь. □ Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае. Навуменка. [Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею. Губарэвіч. // Рухаючыся, прайсці, пераадолець які‑н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець! Смагаровіч. // Разм. З цяжкасцю з’есці, выпіць што‑н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.

4. Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі? Скрыпка.

адо́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адолець.

адо́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога можна адолець, перамагчы ў барацьбе.

адо́метр, ‑а, м.

Прылада для вымярэння пройдзенай адлегласці.

[Ад грэч. odos — дарога і metron — мера.]

адо́нак, ‑нка, м.

Подсціл з галля, жэрдак, на які кладуць стог; стажар’е. Працавалі дружна: жанчыны зграбалі сена ў валкі, мужчыны складалі ў копы і падносілі іх на насілках да адонкаў. Сабаленка. [Шафёр] збегаў да старога адонка, выцягнуў адтуль дзве сухія жардзіны і за некалькі хвілін гладзіў насілкі. Кулакоўскі.

адо́ніс, ‑у, м.

Лекавая расліна сямейства казяльцовых; гарыцвет.

адо́нне, ‑я, н.

Тое, што і адонак. [Паліна] тут жа скінула блузку, разадрала яе, перавязала раны. Перацягнула мяне на сухое адонне. Алешка.

адо́ранасць, ‑і, ж.

Якасць адоранага; таленавітасць.