саро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля. Табе вышыла сарочку Цветам васільковым І сагнала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Адзін, пасівелы, быў у скамечанай шапцы, а другі, высокі юнак, — у саламяным, пажоўклым ад заношанасці капелюшы і ў нацельнай сарочцы. Пестрак. Раманіха стук аб дно драўлянага вядра конаўкай, пасля за вядро і на двор, у адной сарочцы, як спала. Ермаловіч.
•••
Сардэчная сарочка — знешняя абалонка сэрца.
Каб цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапала; няхай цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапае — праклён, пажаданне самага найгоршага. — Няхай яго сарочка не чапае, — скляў пана дзед. Якімовіч.
Нарадзіцца ў сарочцы гл. нарадзіцца.
саро́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сарокі, належыць ёй. Незаследжаны двор... Парог... А на плоце — сляды сарочыя. Барадулін.
2. Падобны або такі, як у сарокі. Але як толькі прачыняў дзверы рэдакцыйнага калідора, мяне адразу як бы глушыла сарочае стракатанне машынак, бянтэжыла мітусня ў калідоры. Сабаленка.
саро́чын, ‑а.
Які належыць сароцы. Сарочына гняздо.
сарпі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку.
[Ад геагр. назвы.]
сарпі́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сарпінкі. Сарпінкавая тканіна.
сарта... (гл. сорта...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сорта...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сартазмена.
сартава́льнік, ‑а, м.
1. Асоба, якая займаецца сарціроўкай чаго‑н. Працаваць сартавальнікам на пошце.
2. Механізм для сарціроўкі чаго‑н. Магнітны сартавальнік.
сартава́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да сартавальнік (у 1 знач.).
сартава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сарціроўкі (у 1 знач.). Сартавальныя работы. // Прызначаны для яе. Сартавальнае сіта.
2. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе адбываецца сартаванне чаго‑н.
3. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Тое, што і сартавальная станцыя.
•••
Сартавальная горка гл. горка 1 (у 2 знач.).
Сартавальная станцыя гл. станцыя.
сартава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сартаваць.