адвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць адвыкнуць ад чаго‑н. Адвучыць ад дрэннай прывычкі. □ Тры гады, якія пражыла Малання ў горадзе, адвучылі Кандрата бачыць у ёй сваю сялянку. Галавач. [Трахім:] — Мне яшчэ ў маладосці адзін вучоны чалавек гаварыў: «Калі ваўку не даваць мяса змалку, дык можна адвучыць яго ад драпежніцтва». Пальчэўскі.
2. Разм. Закончыць вучэнне, перастаць вучыць, навучаць.
адвыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адвыкнуць.
адвы́клы, ‑ая, ‑ае.
Які адвык ад чаго‑н.; нязвычны. [Банжын] даўно не іграў, і рукі, адвыклыя ад клавішаў, спачатку слухаліся дрэнна. Шыцік.
адвы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. ад каго-чаго і з інф. Страціць якую‑н. звычку; адвучыцца ад чаго‑н. У хаце.. яшчэ стаяў тытунёвы дым, ад якога .. [Акіліна] даўно адвыкла. Вітка. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а.. [Максім Сцяпанавіч] даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць. Карпаў. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека [колішняга пана]. Чорны.
2. ад каго-чаго. Стаць далёкім, чужым каму‑н., забыць каго‑, што‑н. Пятро Пятровіч адвык за дваццаць год на ўсходзе ад палос, і ад парадку такога, як тут [у Забалоцці]. Брыль.
адвява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Адхіляць, адносіць убок павевам ветру, веяннем.
адвядзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адводзіць — адвесці.
адвя́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адвязаць.
адвяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Развязаўшыся, аддзяліцца (аб вяроўцы, канаце і пад.). // Вызваліцца ад прывязі, стаць непрывязаным. Конь адвязаўся. □ Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў, без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.
2. перан. Разм. Пазбавіцца ад каго‑н. дакучлівага, назойлівага або непрыемнага, нежаданага. Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні. Гартны. Небяспечны чалавек, — падумаў пан. — ..Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д’ябла ў чорнай сутане. Бядуля.
3. перан. Разм. Перастаць дакучаць каму‑н. Адвяжыся, аса-назола! — жартаўліва замахваўся на бабку дзед. Даніленка. [Лаяна:] — Скажу вам яшчэ болей, каб вы ўрэшце адвязаліся ад мяне і не ліплі, як назойлівыя мухі. Лынькоў.
адвяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.
Развязаўшы вузел, аддзяліць. Адвязаць вяроўку. // Вызваліць ад прывязі, зрабіць непрывязаным. [Ваўчок] адвязаў ад слупка каня і ўзяў у рукі лейцы. Хадкевіч.
адвя́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адвязваць — адвязаць.