Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднагало́сы, ‑ая, ‑ае.

Напеў, які складаецца з адной мелодыі, які не суправаджаецца іншымі мелодыямі. Як тачанкі, са строкатам аднагалосым Па шляху праімчалі касілкі з гары... Аўрамчык. // Прызначаны для выканання адным голасам або адным інструментам. Аднагалосая песня.

аднаго́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек аднаго года нараджэння з кім‑н.; равеснік. Зусім яшчэ нядаўна ўсе ў двары гаварылі, што Наташа і Віця аднагодкі і што ў школу яны пойдуць разам. Курто.

2. Расліна ці жывёліна ўзростам у адзін год; гадунец, пярэзімак (пра жывёл).

аднаго́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Жан. да аднагодак.

аднаго́рбы, ‑ая, ‑ае.

З адным гарбом. Аднагорбы вярблюд.

аднагу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які аднастайна, манатонна гучыць.

аднадво́рац, ‑рца, м.

Гіст. Дзяржаўны селянін асобай групы, якая ўтварылася ў Расіі з патомкаў «служылых людзей», паселеных царскім урадам у 16–18 ст. каля паўднёвай і ўсходняй граніц для іх аховы.

аднадво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да аднадворац.

адна́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аднадзіць.

аднадзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Насякомае, якое жыве вельмі кароткі час (ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён). Матылёк-аднадзёнка.

2. Пра што‑н. недаўгавечнае, што мае значэнне, вартасць нядоўгі час. Верш-аднадзёнка. // Газета, якая выйшла адзін раз. У гэты ж час [у 1932 г.] у Львове выходзіць беларуская аднадзёнка «На пераломе», у якой з’явіўся верш «Заштрайкавалі гіганты-каміны» ўпершыню за надпісам Максім Танк. С. Александровіч.

аднадзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца, развіваецца толькі адзін дзень; разлічаны на адзін дзень. Аднадзённая выстаўка. Аднадзённы паход.

2. Налічаны, зароблены за адзін дзень. Аднадзённы заробак.