Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сартава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да сартаваць.

сартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Размяркоўваць, адбіраць па сартах (у залежнасці ад якасці, памераў і пад.). Пасля абеду.. [Валі] захацелася схадзіць у дальнюю брыгаду — на пасёлак Вадапой, праверыць, як там сартуюць насенне льну. Шамякін. // Размяркоўваць што‑н. па якіх‑н. падобных прыкметах. Сартаваць пісьмы. □ [Маргарыта] праглядае і сартуе сукенкі. Скрыган. Тамара ўзялася сартаваць іх. Яна ўбачыла, што кніжкі трэба працерці ад пылу, і стала праціраць. Ермаловіч. // перан. Разм. Дзяліць па разрадах, прыводзіць у сістэму. Сартаваць успаміны.

сартавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сорту (у 2 знач.), да размеркавання па сартах. Сартавая праполка. Сартавыя якасці насення. // Які прызначаны, служыць для вывядзення новых якасных сартоў. Сартавы ўчастак.

2. Які належыць да высокага, каштоўнага або спецыяльнага сорту. Сартавая пшаніца. Сартавая бульба. Сартавое шкло. Сартавое жалеза.

сартазме́на, ‑ы, ж.

Замена старых сартоў насення новымі, больш прадукцыйнымі.

сартыме́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Спец.

1. Сукупнасць адзнак, уласцівасцей, паводле якіх вырабы адносяцца да таго ці іншага сорту. Сартымент пракату. Трубы нафтавага сартыменту.

2. У лясной прамысловасць лесаводстве і садаводстве — від, сорт, памеры лесаматэрыялаў, дрэвавых народ, культурных раслін пэўнага прызначэння, а таксама сукупнасці такіх відаў, сартоў, памераў. Сартыменты лесу.

[Ням. Sortiment.]

сарфава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сарфаваць.

сарфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.

Закончыць веяць арфай; праарфаваць. Сарфаваць ячмень.

сарцаві́на, ‑ы, ж.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Колас. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны. Танк. // Унутраная накрытая абалонкай частка плода. Сарцавіна яблыка.

2. Сярэдняя частка, сярэдзіна чаго‑н. Хрусне, расколецца [камень] Напалавіну, — Блісне слязінкай Слюда сарцавіны... Лойка. // перан. Аснова, сутнасць чаго‑н.; асяродак. [Наталля Іванаўна:] — Ты [Валера] ва ўсім старайся асяродак разгледзець, сарцавіну. Місько.

сарцаві́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сарцавіны. Сарцавінная частка плода. Сарцавінная гніль буракоў.

сарці́р, ‑а, м.

Разм. Прыбіральня.