сарцавіна, ‑ы, ж.
1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Колас. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны. Танк. // Унутраная накрытая абалонкай частка плода. Сарцавіна яблыка.
2. Сярэдняя частка, сярэдзіна чаго‑н. Хрусне, расколецца [камень] Напалавіну, — Блісне слязінкай Слюда сарцавіны... Лойка. // перан. Аснова, сутнасць чаго‑н.; асяродак. [Наталля Іванаўна:] — Ты [Валера] ва ўсім старайся асяродак разгледзець, сарцавіну. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)