Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адсо́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адсапціся.

адсо́рбцыя, ‑і, ж.

Спец. Паглынанне часцінак газу, пары або асобных састаўных часцінак раствору паверхневым слоем другога рэчыва; паверхневае паглынанне, у адрозненне ад абсорбцыі — паглынання ўсім аб’ёмам рэчыва.

[Ад лац. ad — да і sorbere — паглынаць.]

адсо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адсунуцца.

2. Зал. да адсоўваць.

адсо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсунуць.

адсо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Прыстасаванне для адсоўвання. Адсоўныя дзверы.

адсо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які адмёр, высах. Адсохлая галінка.

адсо́хнуць, ‑сохне; пр. адсох, ‑ла; зак.

1. Адмерці, засохнуць.

2. Разм. Страціць здольнасць рухацца, дзейнічаць. [Драпеза:] — У твайго, кажу, бацькі адсохла б рука, каб яго хто прымусіў так рабіць. Паслядовіч. Адсохні тая рука, што на бацьку падымаецца. Прыказка.

•••

Каб табе язык (мазгі, рукі) адсох(лі) гл. язык.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі — клятва ў тым, што я зраблю, зрабіў і пад. што‑н. або што не зраблю, не зрабіў і пад. чаго‑н.

адспавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Выгаварыць каму‑н., пакрытыкаваць, словам ушчуць. [Шыманскі:] — Чуў я, чуў, што цябе сёння адспавядалі. Сабаленка.

адспява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адспяваць.

адспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Кончыць спяваць. Адспявалі жнеі На палях шырокіх. Глебка. Дні нязменнымі шляхамі Сабіраліся ў страі. Перайшла вясна садамі, Адспявалі салаўі. Броўка. // Не змагчы спяваць па якой‑н. прычыне. [Лабановіч:] — Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць? — Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё. Колас.