Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адлюстро́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адлюстравацца.

2. Зал. да адлюстроўваць.

адлюстро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адлюстраваць.

адлютава́ць, ‑туе; зак.

Перастаць лютаваць (звычайна пра мароз). Адлютавалі маразы. Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі. // перан. Аб спыненні вайны, разгулу рэакцыі. Родная вінтоўка! Ты прыйшла са мной у Сарочы лес, і не выпушчу цябе з рук, пакуль не адлютуе вайна і зямля не ачысціцца ад бруду, а над галавой не засвеціць чыстае неба. Няхай.

адляга́ць, ‑ае.

Незак. да адлегчы.

адляжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Тое, што і адлежацца. [Пархвен] лёг на ложак, каб адляжацца ад хваробы, і наказаў праз людзей Марылі, што захварэў. Чорны.

адляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Тое, што і адлежаць. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі, на чацвёрты крышку ачуняў, устаў на ногі. Адамчык.

адляпі́цца, ‑лепіцца; зак.

Адстаць, адклеіцца (пра што‑н. прыліплае, прылепленае). Сыры свежы пясок адляпіўся ад .. падэшваў і ляжаў строчкай на падлозе. Пестрак.

адляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

Аддзяліць, адарваць што‑н. прыліплае, прылепленае. Адляпіць марку.

адля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Скончыць ляскаць, стукаць, бразгаць. Балаголаўская вуда адляскала коламі па лясной дарозе, выехала на палявы прастор і ўжо набліжалася да маіх родных аселіц. Сабаленка.

адлята́цца, ‑аецца.

Незак. да адляцецца.