Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адкла́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкладваць — адкласці.

адкла́двацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адкласціся.

2. Зал. да адкладваць.

адкла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкласці.

адкла́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адкласці.

адкладны́, ‑ая, ‑ое.

Які адкладваецца, апускаецца. Адкладная спінка крэсла, канапы. □ Грынь быў у пінжаку і белай сарочцы з адкладным каўняром, хоць дзень выпаў халаднаваты і хадзіў вецер. Мележ.

адкла́ды, ‑аў; адз. няма.

Спец. Збор, асадак арганічных і неарганічных рэчываў у выніку іх паступовага намывання. Дэвонскія адклады.

адкла́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адкланяцца.

адкла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Развітацца, кланяючыся. Госці адкланяліся і выйшлі.

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

адкла́сціся, ‑кладзецца; зак.

1. Назбірацца, назапасіцца, асесці ў якім‑н. месцы. Змытая з гор гразь адклалася на ніжніх схілах, утварыўшы ўрадлівыя наносныя глебы.

2. перан. Адлюстравацца, захавацца; запасці (у памяць, душу і пад.). А гэтая [падзея], і асабліва тое, як.. [Ларывончык] даваў гасцінца дзяўчынцы, адклалася ў памяці, як той адбітак, якога нічым не сатрэш. Сабаленка.

3. Перанесціся на больш позні час; адтэрмінавацца. А я яшчэ спадзяваўся: а можа, часам, адкладзецца [паездка]. Васілевіч.