Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Праслухаць што‑н. Адслухаць дзве лекцыі.

адсмакта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адсмактаць.

адсмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што і чаго.

1. Смокчучы, адпіць чаго‑н.

2. Выдаліць вадкасць або газ якім‑н. прыстасаваннем, помпай і пад.

адсмалі́ць, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.

Разм.

1. Сказаць, зрабіць што‑н. нечаканае, незвычайнае. [Сашка] выпіў яшчэ адну чарку і адсмаліў: — Практыкант! Ваша вока заўсёды збіраецца падміргнуць. Чаму гэта яно так? Чорны.

2. Моцна збіць, адлупцаваць. А не дагодзіш — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі.

адсма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсмаліць.

адсмо́ктванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адсмоктваць — адсмактаць.

адсмо́ктвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адсмоктваць.

адсмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсмактаць.

адсмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.

Скончыць (перастаць) смяяцца. [Дзядзька Ахрэм] адсмяяўся, адкашляўся і ўжо, відаць, ад чыстай душы: — Даўно не рабіў такога абутку — не ведаю, ці атрымаецца што. Пянкрат.

адснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак.

Скончыць (перастаць) снаваць. Адснаваць кросны. / у перан. ужыв. Адснавалі прадвеснія хмары, Адлілі праліўныя дажджы. Гурло.