адмо́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адмаліцца (у 1 знач.).
2. Зал. да адмольваць.
адмо́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адмаліць.
адмо́р, ‑у, м.
Паступовае пагалоўнае адміранне, масавае выміранне; падзеж жывёлы, птушак, насякомых. Адмор пчол.
адмо́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адмотваць — адматаць.
адмо́твацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адматацца.
2. Зал. да адмотваць.
адмо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адматаць.
адмо́ўе, ‑я, н.
Слова, якое адмаўляе сэнс другога слова або фразы (часціцы «не», «ні», безасабова-прэдыкатыўныя словы «няма», «нельга»).
адмо́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адмовіць.
адмо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць адмоўнага. У гэтым рамане паказан таксама поп, але ён паказан як жывы чалавек, з усімі сваімі адмоўнасцямі і дадатнасцямі. Чорны.
адмо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адмаўляе што‑н. Адмоўны адказ. Адмоўны займеннік. □ [Гэля] раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах. Гартны. // Які паказвае на адсутнасць чаго‑н.; процілеглы чаканаму. Адмоўны вынік.
2. Дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы. Адмоўны персанаж. □ [Сцёпка:] «Пішы ў газету.., асвятляй сучаснае жыццё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі». Колас. // Неадабральны, асуджальны. Адмоўны водгук. Выхоўваць у дзяцей адмоўныя адносіны да рэлігіі.
3. Пабудаваны, заснаваны на паняццях, якія што‑н. адмаўляюць. Адмоўнае суджэнне. Адмоўны метад доказу.
4. Меншы за нуль. Адмоўны лік.
5. Спец. Суадносны з тым відам электрычнасць матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі. Адмоўны электрычны зарад.
6. у знач. наз. адмо́ўнае, ‑ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму. Мікола недалюбліваў чамусьці Паўлюкоўскага і заўсёды знаходзіў у яго паводзінах і нават у вершах адмоўнае. Машара.