Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ці, злуч. і часц.

1. злуч. размеркавальны. Ужыв. для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх.

Заўтра будзе дождж ці снег.

Хлопчыку гадкоў пяць ці шэсць.

2. злуч. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае сказы і члены сказа пры пералічэнні.

Ці рана, ці позна, ці зусім не прыйдзе.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то».

4. злуч. далучальны. Ужыв. для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару.

Рукі выціралі скарачом ці, як яго яшчэ называюць, трапкачом.

5. злуч. падпарадкавальны. Ужыв. пры даданых сказах з ускосным пытаннем.

Мы падумалі, ці не збіраецца на дождж.

6. часц. пыт. Узмацняе пытальны характар.

Ці зразумеюць яны нас?

ціву́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (гіст.).

Назва розных службовых асоб у Расіі да 17 ст., а таксама наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону.

цік¹, -у, м. (спец.).

Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, галавы, плячэй.

|| прым. ціко́зны, -ая, -ае.

Цікозная сутарга.

цік², -у, м. (спец.).

Шчыльная льняная або баваўняная тканіна, звычайна паласатая, якая выкарыстоўваецца для абіўкі мэблі, пашыўкі чахлоў і пад.

|| прым. ці́кавы, -ая, -ае.

цік³, -а і -у, м.

1. -а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. -у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

|| прым. ці́кавы, -ая, -ае.

цікава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; незак.

Выглядваць адкуль-н., падглядваць, сачыць за кім-н.

Ц. з-за вугла.

|| наз. цікава́нне, -я, н.

ціка́віцца, -ка́ўлюся, -ка́вішся, -ка́віцца; незак., кім-чым.

1. Імкнуцца атрымаць звесткі аб кім-, чым-н.

Ц. планамі на будучае.

2. Захапляцца кім-, чым-н., імкнуцца да каго-, чаго-н.

Ц. музыкай.

ціка́віць, -ка́ўлю, -ка́віш, -ка́віць; незак., каго-што.

1. Выклікаць цікавасць, імкненне даведацца пра каго-, што-н.

Усіх цікавіла, што ён за чалавек.

2. Выклікаць захапленне, прыхільнасць да сябе.

Яго цікавіла скульптурнае мастацтва.

ціка́вы, -ая, -ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе чым-н.

Цікавая кніга.

Ц. чалавек.

Цікавыя факты.

Цікава (прысл.) расказваць.

2. Тое, што і цікаўны.

Хто ц., стараўся даведацца, што здарылася.

3. Прыгожы (разм.).

Ён ужо немалады, але ц. мужчына.

|| наз. ціка́васць, -і, ж.

ціка́ўны, -ая, -ае.

Які хоча ўсё ведаць, бачыць; дапытлівы.

Ц. вучань.

|| наз. ціка́ўнасць, -і, ж.