Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

це́раз, прыназ. з В.

1. Упоперак чаго-н., з аднаго боку на другі.

Перайсці ц. вуліцу.

Пабудаваць пераправу ц. раку.

2. Паверх чаго-н.

Пераскочыць ц. плот.

3. Праз, скрозь што-н. (пры назвах прадметаў, асяроддзя, праз якія хто-, што-н. праходзіць, пранікае).

Ісці ц. лес.

Залезці ц. акно.

Ц. шыбы ледзь прасочвалася святло.

4. Пры дапамозе каго-, чаго-н.

Перадаць прывітанне ц. знаёмага.

5. Праз некаторы час або праз некаторую адлегласць пасля чаго-н.

Сустрэліся ц. год.

Дрэўцы раслі ц. кожныя дзесяць метраў.

6. Па якой-н. прычыне, па віне каго-н.

Ц. яго многія пацярпелі.

цераззе́рніца, -ы, ж. (спец.).

Няпоўная завязь зерня ў каласах хлебных злакаў у выніку няпоўнага апылення.

це́рам, -а, мн. -ы́ і (з ліч. 2, 3, 4) це́рамы, церамо́ў, м.

1. У Старажытнай Русі: высокі багаты дом у выглядзе вежы.

2. Пра высокі, прыгожы драўляны дом.

Не дом, а ц. пабудаваў!

|| памянш. церамо́к, -мка́, мн. -мкі́, -мко́ў, м.

|| прым. це́рамны, -ая, -ае.

цераспало́сіца, -ы, мн. -ы, -сіц, ж.

Размяшчэнне зямельных участкаў адной гаспадаркі палосамі ўперамежку з чужымі ўчасткамі.

|| прым. цераспало́сны, -ая, -ае.

церассядзе́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Тое, што і пасак (у 3 знач.).

церассядзёлак, -лка, мн. -лкі, -лкаў, м.

Тое, што і пасак (у 3 знач.).

цернаслі́ва, -ы, мн. -ы, -слі́ў, ж.

Пладовае дрэва або куст, натуральны гібрыд цёрну і слівы, а таксама салодкія сінявата-чорныя плады гэтага дрэва.

|| прым. цернаслі́вавы, -ая, -ае.

це́рні, -яў.

1. Пра калючыя расліны, а таксама калючкі на іх (уст. і кніжн.).

2. перан. Цяжкасці, пакуты, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху каго-н.

це́рніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Прылада, якой труць лён, каноплі.

це́рпкі, -ая, -ае.

Кіславата-даўкі, аскомісты.

Церпкае віно.

|| наз. це́рпкасць, -і, ж.