Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

прывіле́я, -і, мн. -і, -ле́й, ж.

Выключнае права, ільгота.

Прывілеі ветэранам вайны.

прывілеява́ны, -ая, -ае.

1. Які карыстаецца прывілеямі.

Прывілеяванае саслоўе.

2. Лепшы, больш выгадны ў параўнанні з іншым.

Паставіць каго-н. у прывілеяванае становішча.

|| наз. прывілеява́насць, -і, ж.

прывіта́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

1. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго-н. як знак добразычлівасці, дружалюбнасці, добрага пажадання і пад.

Адказаць на чыё-н. п.

Перадаць п.

2. нязм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы (разм.).

П.!

Куды крочыш?

3. Вусны або пісьмовы зварот да каго-н. з выказваннем асабістай прыязнасці, добрага пажадання, салідарнасці і пад.

Гарачае п. абаронцам Радзімы.

Паслаць п. юбіляру

|| прым. прывіта́льны, -ая, -ае.

прывіта́цца гл. вітацца.

прывіта́ць гл. вітаць.

прыві́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., прыўе́цца; -віўся, -віла́ся, -ло́ся; зак.

Стаць звычайным, замацавацца.

Прывіліся навыкі да фізічнай працы.

|| незак. прывіва́цца, -а́ецца.

прыві́ць, -ыўю́, -ыўе́ш, -ыўе́; -ыўём, -ыўяце́, -ыўю́ць; -віў, -віла́, -ло́; -ві; -віты; зак., што каму.

Прымусіць засвоіць, зрабіць звычайным.

П. культурныя навыкі.

|| незак. прывіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. прывіццё, -я́, н.

прыво́д¹, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. гл. прывесці.

2. Прымусовая дастаўка ў органы следства або ў суд тых, хто не з’явіўся па выкліку, а таксама часовы арышт для допыту (афіц.).

Хуліган ужо мае некалькі прыводаў у міліцыю.

прыво́д², -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Механізм або сістэма механізмаў для прывядзення ў рух розных машын.

Электрычны п.

|| прым. прывадны́, -а́я, -о́е.

П. пас.

прыво́дзіць гл. прывесці.