Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

святлі́ца, -ы, мн. -ы, -лі́ц, ж. (уст.).

Светлы, чысты пакой у хаце.

|| прым. святлі́чны, -ая, -ае.

святло́, -а́, н.

1. Прамяністая энергія, якая робіць навакольны свет бачным; электрамагнітныя хвалі ў інтэрвале частот, што ўспрымаюцца зрокам.

Сонечнае с.

Пры святле месяца.

С. свечкі.

2. Тая або іншая крыніца асвятлення.

Запаліць с.

Уключыць электрычнае с.

Стаць бліжэй да святла.

Устаць да святла (да ўсходу сонца, да світання).

3. Светлае месца, блік на карціне, у адрозненне ад ценю.

Кантрасты святла і ценю.

4. перан., чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет, што дае пачатак чаму-н. радаснаму, робіць шчаслівым жыццё.

С. яго ідэй відаць ва ўсіх кутках зямлі.

С. дабра.

5. перан. Ззянне, бляск вачэй, радасна-ўзбуджаны выраз твару пад уплывам якога-н. пачуцця.

На твары відаць было с. пяшчоты.

Праліць святло на што (кніжн.) — растлумачыць што-н.

У святле чаго — зыходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго-, што-н.

У святле якім (выстаўляць, падаваць і пад.) — у якім-н. выглядзе.

У чорным святле (бачыць, падаваць што-н.) — змрочным, непрыглядным.

|| прым. светлавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

С. сігнал.

святлоадчува́льны, -ая, -ае.

У фотатэхніцы: які мае ўласцівасць адчуваць святло, рэагаваць на святло.

Святлоадчувальная плёнка.

|| наз. святлоадчува́льнасць, -і, ж.

святлокапірава́льны, -ая, -ае (спец.).

Які служыць для атрымання святлакопій.

С. апарат.

святлолюбі́вы, -ая, -ае.

Які добра расце і развіваецца толькі пры нармальным сонечным святле.

Сасна — дрэва святлолюбівае.

|| наз. святлолюбі́васць, -і, ж.

святлолячэ́нне, -я, н.

Лячэнне штучна атрыманымі інфрачырвонымі, бачнымі і ўльтрафіялетавымі прамянямі.

|| прым. святлолячэ́бны, -ая, -ае.

святломаскіро́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ро́вак, ж.

Маскіроўка асветленых аб’ектаў.

|| прым. святломаскіро́вачны, -ая, -ае.

святлотэхні́чны гл. святлатэхніка.

святлоценявы́ гл. святлацень.

святля́к, светляка́, мн. светлякі́, светляко́ў, м.

Невялікае насякомае сямейства жукоў, якое свеціцца ў цемры.

|| памянш. светлячо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.