Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

турнэ́пс, -у, м.

Кармавая рэпа.

|| прым. турнэ́псавы, -ая, -ае.

турухта́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Балотная птушка сямейства бакасавых з цёмным апярэннем, якая водзіцца ў тундры і ў лясной зоне Еўразіі.

турча́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -чы́ць; незак. (разм.).

1. Утвараць характэрныя для жаб гукі.

У балоце турчаць жабы.

2. Тарахцець (пра гукі машын у час работы).

Трактары турчаць усю ноч.

|| наз. турча́нне, -я, н.

туры́зм, -у, м.

Падарожжа па сваёй краіне або ў іншыя краіны, калі адпачынак спалучаецца з элементамі спорту ці пазнавальнымі задачамі.

Горны т.

Міжнародны т.

|| прым. турысты́чны, -ая, -ае.

Турыстычны маршрут.

туры́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Чалавек, які займаецца турызмам.

|| ж. туры́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. туры́сцкі, -ая, -ае.

Турысцкая група.

туры́ць, туру́, ту́рыш, ту́рыць; незак., каго (што) (разм.).

Выганяць, праганяць адкуль-н.

|| зак. вы́турыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны і пратуры́ць, -туру́, -ту́рыш, -ту́рыць; -ту́раны.

|| аднакр. турну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

турэ́мшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Наглядчык у турме.

2. перан. Той, хто груба парушае свабоду і дэмакратыю.

|| ж. турэ́мшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.