Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вернападда́ны, -ага, мн. -ыя, -ых, м. (уст.).

Чалавек, які захоўвае вернасць манарху.

|| ж. вернападда́ная, -ай, мн. -ыя, -ых.

|| прым. вернападда́нніцкі, -ая, -ае.

Вернападданніцкія пачуцці (таксама ўвогуле пра адданасць уладзе, правячай вярхушцы; іран.).

ве́рнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Чалавек, які верыць у існаванне Бога; веруючы.

|| ж. ве́рніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. ве́рніцкі, -ая, -ае.

верніса́ж, -у, мн. -ы, -аў, м.

Урачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі.

|| прым. верніса́жны, -ая, -ае.

ве́рны, -ая, -ае.

1. Які адпавядае ісціне; правільны, дакладны.

Верная думка.

В. шлях.

Верна (прысл.) скалькаваць.

2. Несумненны, непазбежны.

В. выйгрыш.

Ісці на верную пагібель.

3. Надзейны, трывалы, стойкі.

Верная апора.

Верна (прысл.) служыць.

В. сябар.

В. ў каханні.

|| наз. ве́рнасць, -і, ж.

версіфіка́тар, -а, мн. -ы, -аў, м. (кніжн.).

Чалавек, які лёгка складае вершы, але не мае паэтычнага дару.

|| прым. версіфіка́тарскі, -ая, -ае.

ве́рсія, -і, мн. -і, -сій, ж.

Адзін з варыянтаў выкладу або тлумачэння якога-н. факта ці падзеі.

Новая в.

верставы́ гл. вярста.

верталёт, -а, М -лёце, мн. -ы, -аў, м.

Лятальны апарат спецыяльнай канструкцыі, прыстасаваны для вертыкальнага ўзлёту і пасадкі.

|| прым. верталётны, -ая, -ае.

верталётчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па вырабе і ваджэнні верталётаў.

|| ж. верталётчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

вертыка́ль, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. Вертыкальная лінія.

Па вертыкалі.

2. Сістэма арганізацыі органаў кіравання.

Прэзідэнцкая в.