Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сурма́, -ы́, ж.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які ўжываецца ў розных сплавах у тэхніцы, у друкарскай справе і пад.

2. Фарба для чарнення валасоў, броваў і пад. (уст.).

|| прым. сурмя́ны, -ая, -ае.

Сурмяныя руды.

сурмі́ць, сурмлю́, су́рміш, су́рміць; су́рмлены; незак., што, уст.

Фарбаваць сурмой.

С. бровы.

|| зак. насурмі́ць, -сурмлю́, -су́рміш, -су́рміць; -су́рмлены.

|| звар. сурмі́цца, сурмлю́ся, су́рмішся, су́рміцца; зак. насурмі́цца, -сурмлю́ся, -су́рмішся, -су́рміцца.

суро́вець, -ею, -ееш, -ее; незак.

Станавіцца суровым.

|| зак. пасуро́вець, -ею, -ееш, -ее.

суро́вы, -ая, -ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, ненахісны; уласцівы такому чалавеку.

С. камандзір.

С. характар.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў; вельмі строгі; бязлітасны, жорсткі.

Суровая дысцыпліна.

Суровыя меры.

3. Вельмі цяжкі, поўны выпрабаванняў, невыносны.

Суровыя дні вайны.

4. Неспрыяльны для жыцця, халодны.

С. клімат.

Суровая зіма.

|| наз. суро́васць, -і, ж. (да 1—3 знач.).

суро́дзіч, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Сваяк, родзіч.

2. Чалавек, блізкі з кім-н. па паходжанні, нацыянальнай прыналежнасці, месцы нараджэння.

3. перан. Жывёліна або расліна, што належаць да аднаго роду.

Кошка і яе дзікія суродзічы.

суро́к, -рка́, мн. -ркі́, -рко́ў, м.

Невялікі грызун сямейства вавёркавых, які жыве ў глыбокіх норах і зімой залягае ў спячку.

|| прым. сурко́вы, -ая, -ае.

суро́кі, -аў (разм.).

У народных павер’ях: няшчасце, хвароба і пад., прынесеныя каму-н. нядобрым вокам.

суро́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., каго-што і без дап. (разм.).

1. У народных павер’ях: прынесці няшчасце, хваробу і пад. каму-н. нядобрым вокам.

2. Пахвальбой, прадказваннямі пашкодзіць каму-, чаму-н.

Не хвалі сына, а то можна с.

су́рык, -у, м.

Мінеральная чырвонааранжавая або чырвона-карычневая фарба.

Свінцовы с.

|| прым. су́рыкавы, -ая, -ае.

суса́ль, -і, ж. (спец.).

Тонкія пласцінкі, плёнкі з розных металаў (золата, серабра, медзі і інш.), якія служаць для дэкаратыўнага аздаблення якіх-н. вырабаў.

|| прым. суса́льны, -ая, -ае.

Сусальнае золата.

С. пернік.