Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

векаве́чны, -ая, -ае.

Які існуе многа вякоў; спрадвечны.

В. бор.

векавы́, -а́я, -о́е.

1. гл. век.

2. Даўні, які існуе вякамі.

В. дуб.

Векавыя традыцыі.

векапо́мны, -ая, -ае.

Які будзе доўга помніцца, незабыўны.

Векапомныя падзеі.

|| наз. векапо́мнасць, -і, ж.

ве́ктар, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Паказаная адрэзкам прамой матэматычная велічыня, якая характарызуецца лікавым значэннем і напрамкам.

|| прым. ве́ктарны, -ая, -ае.

Вектарнае вылічэнне (матэматычная дысцыпліна).

вела...

Першая састаўная частка складаных і складанаскарочаных слоў, якая па знач. адпавядае слову «веласіпедны», напр.: веласпорт, велатрэк, велакамера.

велаго́нкі, -нак, адз. велаго́нка, -і, ДМ -нцы, ж.

Веласіпедныя гонкі.

|| прым. велаго́начны, -ая, -ае.

велаго́ншчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Спартсмен, які займаецца веласіпедным спортам.

|| ж. велаго́ншчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

|| прым. велаго́ншчыцкі, -ая, -ае.

веладро́м, -а, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяльна абсталяванае збудаванне для трэніровак і спаборніцтваў па веласіпедным спорце.

|| прым. веладро́мны, -ая, -ае.

веласіпе́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Двух- або трохколая машына для язды, якая прыводзіцца ў рух націскнымі педалямі.

|| прым. веласіпе́дны, -ая, -ае.

веласіпеды́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Той, хто едзе на веласіпедзе, а таксама той, хто займаецца веласіпедным спортам.

|| ж. веласіпеды́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. веласіпеды́сцкі, -ая, -ае.