Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сме́ртны, -ая, -ае.

1. Які канчаецца смерцю.

С. выпадак.

2. Такі, які павінен памерці.

Усякі чалавек с.

Нам, смертным (наз.), не ўсё ўдаецца.

3. Які вядзе да смерці, пазбаўляе жыцця.

С. прысуд.

смерць, -і, мн. -і, смярце́й, ж.

1. Спыненне жыццядзейнасці арганізма.

Раптоўная с.

Быць пры смерці (паміраць).

2. у знач. вык. Бяда, гора; спыненне якой-н. дзейнасці.

Творчая няўдача для яго — с.

Біялагічная смерць — поўнае спыненне біялагічных працэсаў у клетках і тканках арганізма.

Клінічная смерць — прамежак часу, калі дыханне і сардэчная дзейнасць спыняцца, але тканкі яшчэ ў пэўнай ступені захоўваюць жыццяздольнасць.

Да смерці (разм.) — вельмі моцна.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

смерч, -у, мн. -ы, -аў, м.

Моцны віхор, які падымае ўверх і круціць слуп вады, пяску, пылу.

С. на моры.

|| прым. сме́рчавы, -ая, -ае.

С. слуп.

сметанко́вы гл. смятанка.

сме́тнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Месца, куды выкідаюць смецце, непрыгодныя і непатрэбныя рэчы.

смех, -у, м.

Кароткія характэрныя парывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці, задаволенасці, а таксама злараднасці, насмешкі і іншых пачуццяў.

Здаровы дзіцячы с.

Падарваць жываты са смеху.

Без смеху — сур’ёзна.

Не да смеху — няма прычыны смяяцца, весяліцца.

Смех бярэ — хочацца смяяцца.

Смеху варта — смешна.

смехата́, -ы́, ДМ -хаце́, ж. (разм.).

Нешта смешнае, вартае насмешкі.

З гэтых дзяцей адна с.!

смехатво́рны, -ая, -ае.

Легкадумны, недарэчны, варты смеху, кпін.

Смехатворнае апраўданне.

С. выпадак.

|| наз. смехатво́рнасць, -і, ж.

сме́ціць, сме́чу, сме́ціш, сме́ціць; незак.

Пакідаць дзе-н. смецце, забруджваць смеццем.

С. на кухні.

|| зак. насме́ціць, -сме́чу, -сме́ціш, -сме́ціць; -сме́чаны.

сме́цце, -я, н.

1. Адкіды, рэшткі чаго-н.

Згарнуць с. ў кучу.

2. Што-н. дробнае, драбяза.

Не ягады, а адно с.

Выносіць смецце з дому (хаты) (разм.) — рабіць вядомым тое, чаго не павінны ведаць іншыя.

|| прым. сме́ццевы, -ая, -ае.