Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

слупо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м.

1. гл. слуп.

2. Калонка кароткіх радкоў у газеце, часопісе і пад., якія размешчаны адзін пад адным.

Газетныя слупкі.

3. Шэраг слоў, лічбаў і іншых, напісаных адно пад адным.

Слупок прозвішчаў.

Два слупкі прыкладаў.

|| прым. слупко́вы, -ая, -ае.

слупяне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак. (разм.).

Траціць здольнасць рухацца ад моцнага ўзрушэння, хвалявання і пад.

С. ад страху.

|| зак. аслупяне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; наз. аслупяне́нне, -я, н.

слу́хацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра судовую справу), публічна заслухвацца (пра чыю-н. інфармацыю, паведамленне і пад.).

Слухаецца справа аб забойстве.

Слухаюцца даклады па праблемных пытаннях мовы.

2. каго-чаго. Паводзіць сябе згодна з чыімі-н. парадамі; падпарадкоўвацца каму-, чаму-н.

С. настаўніка.

С. добрых парад.

|| зак. паслу́хацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 2 знач.).

слу́хаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. каго-што. Накіроўваць слых на што-н.

С. музыку.

2. што. Публічна разглядаць (судовую справу; афіц.).

С. справу аб разводзе.

3. каго-што. Вывучаць што-н. наведваючы лекцыі.

С. курс уводзін у мовазнаўства.

4. каго-што. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога-н. унутранага органа.

Доктар уважліва слухаў сэрца.

С. хворага.

5. каго-што. Слухацца каго-н., выконваць чые-н. загады, рабіць так, як хто-н. раіць.

Слухай, што бацька гаворыць.

Трэба с. старэйшых.

Вучні павінны с. настаўніка.

6. заг. слу́хай(це). Ужыв. ў пачатку размовы як зваротак для таго, каб прыцягнуць увагу (разм.).

Слухай, яшчэ я не закончыла, а ты сваё працягваеш.

7. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю, часц. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое-н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

|| зак. праслу́хаць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1, 3 і 4 знач.) і паслу́хаць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. слу́ханне, -я, н. (да 1—3 знач.).

слуха́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Той, хто слухае каго-, што-н.

Удзячны с.

2. Навучэнец або студэнт некаторых навучальных устаноў.

С. курсаў.

|| ж. слуха́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

|| прым. слуха́цкі, -ая, -ае.

Слухацкая аўдыторыя.

слухмя́ны, -ая, -ае (разм.).

Тое, што і паслухмяны.

|| наз. слухмя́насць, -і, ж.

слу́шны, -ая, -ае.

Абгрунтаваны; практычна карысны; разумны.

Слушная думка.

|| наз. слу́шнасць, -і, ж.

слых, -у, м.

1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі.

Органы слыху.

2. Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі.

Абсалютны с.

Падбіраць музыку на слых.

3. Вестка, гаворка пра каго-н., звычайна нічым яшчэ не падмацаваная.

Сярод людзей пра гэта пайшоў нядобры с.

Ні слыху ні дыху (разм.) — няма ніякіх вестак.

|| прым. слыхавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Слыхавыя органы.

С. апарат.

слэнг, -у, м.

Словы ці выразы, якія ўжыв. людзьмі пэўных прафесій, сацыяльных груп, субкультур; жаргон.

Прафесійны с.

|| прым. слэ́нгавы, -ая, -ае.

слюда́, -ы́, ДМ -дзе́, ж.

Празрысты слаісты мінерал.

|| прым. слюдзяны́, -а́я, -о́е.

Слюдзяная жыла.