Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

правафланго́вы, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца, размешчаны на правым флангу.

П. баец.

Раўняцца на правафланговых (наз.).

2. правафланго́вы, -ага, мн. -ыя, -ых, м., перан. Чалавек, на якога патрэбна раўняцца ў працы, што служыць прыкладам для іншых.

правашчы́ць, -вашчу́, -во́шчыш, -во́шчыць; -во́шчаны; зак., што.

Тое, што і праваскаваць.

|| незак. право́шчваць, -аю, -аеш, -ае.

праве́даць, -аю, -аеш, -ае; зак.

1. каго-што. Тое, што і наведаць.

П. сястру.

2. што, аб чым, пра што і з дадан. Атрымаць звесткі пра каго-, што-н.

П. аб яго здароўі або пра яго здароўе.

|| незак. праве́дваць, -аю, -аеш, -ае.

пра́веднік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. У вернікаў: чалавек, які жыве праведным жыццём.

2. Чалавек, які ў сваіх дзеяннях кіруецца прынцыпамі сумленнасці, справядлівасці (іран.). У выразе: спаць сном праведніка (разм., жарт.) — спаць спакойна, ціха, мірна.

|| ж. пра́ведніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. пра́ведніцкі, -ая, -ае.

пра́ведны, -ая, -ае.

1. У вернікаў: набожны, бязгрэшны, які не парушае рэлігійнай маралі.

Праведнае жыццё.

2. Справядлівы, заснаваны на праўдзе (у 2 знач.; уст.).

П. суд.

|| наз. пра́веднасць, -і, ж.

праве́зці, -вязу́, -вязе́ш, -вязе́; -вязём, -везяце́, -вязу́ць; правёз, -ве́зла; -вязі; -ве́зены; зак., каго-што.

1. Везучы, даставіць.

П. бліжэйшым шляхам.

2. Везучы, мінаваць што-н.

П. каля Палаца мастацтваў.

3. Перавезці з сабой у чым-н.

П. кнігі ў чамадане.

П. кантрабанду цераз граніцу.

4. Тое, што і пракаціць (у 2 знач.).

А ну, правязі мяне на машыне!^ незак. право́зіць, -во́жу, -во́зіш, -во́зіць.

|| наз. право́з, -у, м. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. правазны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Правазная здольнасць чыгункі.

Правазная плата за багаж.

правентылява́ць і правентылі́раваць гл. вентыляваць.

праве́ршчык, -а, мн. і, аў, м. (разм.).

Той, хто займаецца праверкай чаго-н.

|| ж. праве́ршчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

праве́рыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак., каго-што.

1. Упэўніцца ў правільнасці чаго-н., абследаваць з мэтай нагляду, кантролю.

П. правільнасць рашэння задачы.

П. білеты пры ўваходзе.

2. Падвергнуць выпрабаванню для высвятлення чаго-н.

П. веды навучэнцаў.

П. насенне на ўсходжасць.

|| незак. правяра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. праве́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.; прым. праве́рачны, -ая, -ае.

праве́с, -у, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Правіслае месца ў чым-н.