Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кліва́ж

(фр. clivage)

здольнасць горных парод расшчапляцца пад уплывам ціску на тонкія пласціны незалежна ад слаістасці.

клі́вер

(гал. kluiver)

косы трохвугольны парус у пярэдняй частцы судна наперадзе фок-мачты.

клі́вія

(н.-лац. clivia)

травяністая расліна сям. амарылісавых з раменепадобным лісцем і аранжавымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная ў Паўд. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

кліе́нт

(лац. cliens, -ntis)

1) асоба ў Стараж. Рыме, якая знаходзілася пад апякунствам патрона2 1 і выконвала ў яго карысць розныя павіннасці;

2) асоба, якая карыстаецца паслугамі адваката, натарыуса і г.д.;

3) пастаянны наведвальнік, пакупнік, заказчык.

кліенту́ра

(лац. clientura)

сукупнасць кліентаў.

кліентэ́ла

(лац. clientela)

форма сацыяльна-эканамічнай залежнасці паміж патронам2 1 і кліентам 1 у Стараж. Рыме.

кліёна

(н.-лац. clione)

марскі крылаты малюск; служыць ежай рыбам, некаторым бяззубым кітам.

клі́зма

(гр. klysma = прамыванне)

1) увядзенне ў прамую кішку вадкасці з мэтай лячэння або прамывання;

2) прыбор для ўвядзення вадкасці ў прамую кішку.

клі́ка

(фр. clique = банда)

група людзей, якія імкнуцца любымі сродкамі дасягнуць якіх-н. карыслівых мэт (напр. прыдворная к.).

клі́макс

(гр. klimaks = лесвіца)

1) перыяд у жыцці чалавека, які з’яўляецца пераходным ад палавой спеласці да поўнага спынення функцый палавых залоз;

2) стылістычная фігура, размяшчэнне слоў ці выразаў у парадку ўзмацнення эмацыянальнага і сэнсавага зместу; від градацыі 2 (параўн. антыклімакс).