Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бал

(фр. balle = шар)

1) адзінка вымярэння сілы якой-н. фізічнай з’явы, напр. ветру, землетрасення;

2) лічбавая ацэнка поспехаў (у школе, спорце).

балаба́н

(кр.-тат. balaban)

драпежная птушка сям. сакаліных.

балага́н

(рус. балаган, ад перс. bālāhānä = верхні пакой, балкон)

1) часовы будынак з дошак, фанеры, парусіны для выступлення самадзейных артыстаў, кірмашовага гандлю;

2) даўні народны вандроўны тэатр;

3) перан. што-н. несур’ёзнае, штукарскае, шумнае.

бала́да

(фр. ballade)

1) ліраэпічны вершаваны твор з легендарным ці гістарычным зместам;

2) музычны твор эпічнага характару для голасу або інструмента.

балане́т

(фр. ballonnet)

гумавы пузыр унутры аэрастата, напоўнены ў сваю чаргу газам, што валодае пад’ёмнай сілай.

балані́т

(ад гр. balanos = галоўка палавога члена)

запаленне скурных покрываў галоўкі палавога члена.

бала́нс

(фр. balance = літар. вагі)

1) раўнавага, ураўнаважванне;

2) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;

3) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў;

4) бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы;

5) дэталь гадзіннікавага механізма ў выглядзе кольца з папярочкай, якая з’яўляецца рэгулятарам ходу.

балансава́ць

(фр. balancer)

1) захоўваць раўнавагу пры дапамозе рухаў цела;

2) ураўнаважваць суадносіны звязаных паміж сабой бакоў дзейнасці;

3) падводзіць бухгалтарскі баланс.

бала́нсеры

(англ. balancers, ад фр. balance = вагі)

органы прымацавання і апоры ў лічынак большасці хвастатых земнаводных.

балансёр

(ад баланс)

цыркавы артыст, які балансуе на канаце.