Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бо́бслей

(англ. bob-sleigh)

1) спартыўныя суцэльнаметалічныя сані з рулявым кіраваннем для скараснога спуску з гор па спецыяльна падрыхтаванай трасе;

2) скарасны спуск з гор на такіх санях.

бо́гхед

(англ. boghead, ад Boghead = назва мястэчка ў Шатландыі)

разнавіднасць выкапнёвага вугалю, што ўтварыўся з водарасцяў; выкарыстоўваецца для атрымання вадкага паліва і змазачных рэчываў.

бод

[фр. J. Baudot = прозвішча фр. вынаходцы (1845—1903)]

адзінка вымярэння хуткасці тэлеграфавання, роўная колькасці элементарных электрычных сігналаў, што перадаюцца па лініі сувязі за 1 секунду.

бой

(англ. boy)

хлапчук-слуга ў англамоўных краінах.

бо́йга

(н.-лац. boiga)

змяя сям. вужовых, якая пашырана ў Паўд. Азіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі; жыве на дрэвах і кустах, радзей на зямлі; адзін від сустракаецца ў Сярэд. Азіі.

бо́йлер

(англ. boiler)

апарат для падагравання вады парай, якая праходзіць па трубах унутры рэзервуара.

бо́ка

(іт. bocca = рот)

адтуліна на дне кратэра або на схіле вулкана, праз якую адбываюцца слабыя вывяржэнні.

бокс1

(англ. box = літар. удар)

від спорту, кулачны бой па асобых правілах у спецыяльных мяккіх пальчатках.

бокс2

(англ. box = скрынка)

1) герметычная або ізаляваная камера для работы з мікраарганізмамі, радыеактыўнымі рэчывамі і інш.;

2) адгароджаная частка памяшкання ў лячэбных установах для ізаляванага ўтрымання хворага;

3) металічная каробка, праз якую тэлефонны кабель уваходзіць у кабельную скрынку.

бо́ла

(ісп. bola = шар)

кідальная паляўнічая зброя індзейцаў Паўд. Амерыкі ў выглядзе рэменя з 2—3 канцамі, да якіх прымацаваны каменныя або касцяныя шары.