абрага́цыя
(лац. abrogatio)
скасаванне ўстарэлага закону.
абразі́вы
(фр. abrasif, ад лац. abrasio = саскрабанне)
дробназярністыя ці парашкападобныя рэчывы вялікай цвёрдасці (алмаз, карунд, наждак), якія выкарыстоўваюцца пры механічнай апрацоўцы металаў, шкла і інш.
абра́зія
(лац. abrasio = саскрабанне)
1) геал. разбурэнне хвалямі і прыбоем берагоў акіянаў, мораў, азёраў, вадасховішчаў;
2) мед. выскрэбванне (слізістай абалонкі маткі, лункі зуба і інш.).
абракада́бра
(п.-лац. abracadabra)
1) магічная формула, таямнічае слова, якому прыпісвалася цудадзейная сіла;
2) бяссэнсавы, незразумелы набор слоў.
абру́пцыя
(лац. abruptio)
муз. раптоўнае прыпыненне мелодыі як сродак музычнай экспрэсіі.
абрые́та
(н.-лац. aubrieta)
травяністая расліна сям. крыжакветных з ліловымі або ружовымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў Малой Азіі, на Балканах; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
абрыко́с
(фр. abricot)
пладовае дрэва сям. ружавых, пашыранае ў Сярэд. Азіі, на Каўказе, а таксама сакаўны плод гэтага дрэва чырвона-жоўтага колеру; на Беларусі вырошчваецца аматарамі.
абры́с
(ням. Abriss)
1) лінія, якая ачэрчвае знешнюю форму прадмета; контур;
2) геад. чарцёж, зроблены ў палявых умовах ад рукі з абазначэннем дадзеных вымярэнняў, неабходных для складання дакладнага плана;
3) контур малюнка на празрыстым матэрыяле для пераносу на літаграфскі камень;
4) перан. агульная характарыстыка, беглы агляд чаго-н.