Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апатэ́цый

(ад гр. apotheke = сховішча)

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў і лішайнікаў.

апафані́я

(ад апа- + -фанія)

тое, што і абляут.

апафаты́чны

(гр. apophatikos = адмоўны);

а-ая тэалогіятэалогія, якая імкнецца выразіць незямную сутнасць бога шляхам адмаўлення ўсякіх уяўленняў аб ім як несумяшчальных з яго прыродай (у адрозненне ад катафатычнай тэалогіі).

апафе́гма

(гр. apophthegma)

літ. кароткае дасціпнае павучальнае выслоўе.

апафегма́ты

(гр. apophthegma, -atos = кароткае выслоўе)

даўнія зборнікі дасціпных і павучальных выслоўяў.

апафе́ма

(гр. apotithemi = адкладваю ўбок)

мат. перпендыкуляр, які апушчаны з цэнтра правільнага многавугольніка на адну з яго старон.

апафео́з

(гр. apotheosis = абогатварэнне)

1) праслаўленне, узвялічванне якой-н. асобы, з’явы, падзеі;

2) урачыстая заключная сцэна ў некаторых спектаклях з удзелам усіх выканаўцаў.

апаферме́нты

(ад апа- + ферменты)

бялковая група малекул некаторых ферментаў, якая вызначае іх спецыфіку (параўн. каферменты).

апафі́за

(гр. apophysis = адростак)

1) біял. нарасць пры аснове каробачкі некаторых імхоў;

2) геал. адгалінаванне ад магматычнага цела ў суседнія горныя пароды.

апафі́ты

(ад апа- + -фіты)

сінантропныя расліны, якія паходзяць з мясцовых прыродных раслінных згуртаванняў (лясных, лугавых, балотных і інш.).