Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абляты́ў

[лац. (casus) ablativus]

лінгв. адкладальны склон у лацінскай і некаторых іншых мовах; у беларускай мове адпавядае творнаму склону.

абля́ут

(ням. Ablaut)

лінгв. чаргаванне галосных кораня слова ў розных граматычных формах (напр. несці — насіць).

абля́цыя

(п.-лац. ablatio = адыманне)

1) змяншэнне масы ледніка або снежнага покрыва ў выніку раставання ці выпарэння;

2) вынас масы з паверхні цвёрдага цела патокам гарачых газаў, напр. пры руху на вялікай хуткасці ракет і касмічных апаратаў праз зямную атмасферу.

або́л

(гр. obolos)

1) вагавая адзінка, а таксама дробная сярэбраная або медная манета ў Стараж. Грэцыі, роўная 1/6 драхмы;

2) дробная манета вартасцю 1/2 дынара ў заходнееўрапейскіх краінах перыяду феадалізму.

або́рт

(лац. abortus)

дачаснае самаадвольнае або наўмыснае спыненне цяжарнасці.

а́бра

(ісп. abra = створка)

тое, што і сіндэсмія.

абрага́цыя

(лац. abrogatio)

скасаванне ўстарэлага закону.

абразі́вы

(фр. abrasif, ад лац. abrasio = саскрабанне)

дробназярністыя ці парашкападобныя рэчывы вялікай цвёрдасці (алмаз, карунд, наждак), якія выкарыстоўваюцца пры механічнай апрацоўцы металаў, шкла і інш.

абра́зія

(лац. abrasio = саскрабанне)

1) геал. разбурэнне хвалямі і прыбоем берагоў акіянаў, мораў, азёраў, вадасховішчаў;

2) мед. выскрэбванне (слізістай абалонкі маткі, лункі зуба і інш.).

абракада́бра

(п.-лац. abracadabra)

1) магічная формула, таямнічае слова, якому прыпісвалася цудадзейная сіла;

2) бяссэнсавы, незразумелы набор слоў.