аб’екты́ў
(с.-лац. obiectivus = які адносіцца да прадмета)
частка аптычнага прыбора (напр. фотаапарата, тэлескопа), якая складаецца з адной ці некалькіх лінзаў.
аб’екты́ўнасць
(ад аб’ектыўны)
1) існаванне аб’екта незалежна ад свядомасці; прыналежнасць да аб’ектыўнай рэальнасці;
2) адпаведнасць аб’ектыўнай рэчаіснасці, адсутнасць суб’ектывізму ў разважанні пра што-н.; бесстароннасць, непрадузятасць.
аб’екты́ўны
(с.-лац. obiectivus = які адносіцца да прадмета)
1) незалежны ад чалавечай свядомасці (напр. а-ая рэальнасць);
2) праўдзівы, бесстаронні, непрадузяты (напр. а. вывад).
абелі́ск
(гр. obeliskos)
помнік у гонар якой-н. падзеі або на ўшанаванне чыёй-н. памяці ў выглядзе гранёнага слупа, пірамідальна завостранага ўверсе.
абелі́т
(ад англ. F. Abel = прозвішча англ. хіміка 19 ст.)
выбуховая сумесь з амоніевай салетры, дынітрабензолу і кухоннай солі.
абера́цыя
(лац. aberratio = адхіленне)
1) астр. уяўнае адхіленне нябесных свяціл ад іх сапраўднага месцазнаходжання, якое выклікаецца рухам Зямлі вакол Сонца;
2) фіз. скажэнне або недастатковая выразнасць паказанняў аптычных прыбораў (напр. сферычная а., храматычная а.);
3) біял. адхіленне ад нормы ў будове арганізма або ў функцыі асобных органаў;
4) перан. памылка, адхіленне ад ісціны.
аберто́н
(ням. Oberton)
муз. дадатковы, больш высокі тон, які ўзнікае пры гучанні асноўнага тона і надае яму асаблівае адценне або тэмбр (параўн. унтэртон).
абза́ц
(ням. Absatz)
1) водступ управа (чырвоны радок) у пачатку тэксту або яго часткі;
2) адносна закончаная ў сэнсавых адносінах частка тэксту ад аднаго чырвонага радка да наступнага.
абзе́тцэр
(ням. Absetzer, ад absetzen = адсоўваць)
многакаўшовы экскаватар для выемкі і перамяшчэння пустых парод на адвалах кар’ераў.
абісалі́ты
(ад гр. abyssos = бяздонны + -літ)
геал. глыбінныя горныя пароды.