нармаліза́цыя
(фр. normalisation, ад лац. normalis = урэгуляваны)
1) прывядзенне да нормы, падпарадкаванне норме (напр. н. міжнародных адносін, н. правапісу);
2) вызначэнне адзіных нормаў і патрабаванняў па тыпах, памерах, якасці розных аб’ектаў, вырабаў, прылад ці іх вузлоў, а таксама па абазначэннях і маркіроўцы; адзін з відаў стандартызацыі;
3) від тэрмічнай апрацоўкі сталі, награванне яе да тэмпературы, вышэйшай за тэмпературу крытычнага пункту (750—950°С) з наступным ахаладжэннем на спакойным паветры.
нарма́ль
(лац. normalis = урэгуляваны)
1)мат. перпендыкуляр да датычнай прамой або плоскасці, які праходзіць праз пункт дотыку;
2) дакумент, якім вызначаюцца тыпы, памеры, нормы і тэхнічныя ўмовы на прадукцыю пэўнай галіны прамысловасці;
3) дэталь прынятага ўзору.
нарма́льны
(лац. normalis = урэгуляваны)
1) які адпавядае нормам, звычайны, натуральны (напр. н-ая тэмпература, н. колер скуры);
2) псіхічна здаровы (напр. н. чалавек).
нарматыві́зм
(ад фр. normatif = нарматыўны, ад лац. norma = норма)
кірунак у сацыялогіі, тэорыі права, этыцы і эстэтыцы, які адмаўляе навуковае пазнанне заканамернасцей грамадскіх з’яў і супрацьпастаўляе яму сістэмы палітычных, этычных і эстэтычных норм.
нарматы́ў
(фр. normatif, ад лац. normatio = упарадкаванне)
эканамічны, тэхнічны або які-н. іншы паказчык нормаў, у адпаведнасці з якімі выконваецца работа.
нарматы́ўны
(фр. normatif, ад лац. norma = норма)
які вызначае, устанаўлівае норму (напр. н-ая граматыка).
нармі́раваць нармірава́ць
(ад норма)
уводзіць, устанаўліваць нормы.
нармо́граф
(ад норма + -граф)
чарцёжны трафарэт з проразямі для элементаў літар і лічбаў для напісання іх нармальным (стандартным) шрыфтом.
нартро́п
(англ. Northrop = прозвішча англ. інжынера)
аўтаматычны ткацкі варштат.
нартэ́кс на́ртэкс
(п.-гр. nartheks)
уваходнае памяшканне ў пярэдняй частцы хрысціянскага храма, прызначанае для асоб, якія не маюць права ўваходзіць у галоўнае храмавае памяшканне; прытвор.