Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гідраста́т

(ад гідра- + -стат)

апарат, які спускаюць з судна на тросе для падводных работ і даследаванняў (у адрозненне ад батыскафа самастойна не перамяшчаецца).

гідраста́тыка

(ад гідра- + статыка)

раздзел гідрамеханікі, які вывучае законы раўнавагі вадкасцей і апушчаных у іх цел.

гідрасульфа́ты

(ад гідра- + сульфаты)

кіслыя солі сернай кіслаты; выкарыстоўваюцца для выбельвання тканін, дублення шкур і інш.

гідрасульфі́ды

(ад гідра- + сульфіды)

кіслыя солі серавадароднай кіслаты.

гідрасульфі́ты

(ад гідра- + сульфіты)

кіслыя солі сярністай кіслаты; выкарыстоўваюцца ў фатаграфіі, цэлюлознай прамысловасці і інш.

гідрасфе́ра

(ад гідра- + сфера)

водная абалонка зямнога шара, сукупнасць вод Зямлі (акіяны, моры, азёры, рэкі, падземныя воды, леднікі).

гідра́сціс

(н.-лац. hydrastis, ад гр. hydor = вада)

травяністая расліна сям. казяльцовых, пашыраная ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі; карэнне яе змяшчае алкалоіды, што выкарыстоўваюцца ў медыцыне як кроваспыняльны сродак.

гідрата́ксіс

(ад гідра- + таксісы)

перасоўванне аднаклетачных і каланіяльных раслін і некаторых жывёл у бок большай або меншай вільготнасці (напр. лічынкі некаторых насякомых пры высыханні глебы пранікаюць у глыбейшыя яе слаі).

гідрата́цыя

(ад гр. hydor = вада)

далучэнне вады да розных рэчываў (проціл. дэгідратацыя).

гідрато́ракс

(ад гідра- + торакс)

збіранне вадкасці (транссудату) у поласці плеўры, якое ўзнікае пры сардэчных і ныркавых захворваннях.