абстэнцыяні́сты
(ад лац. abstentio = устрыманне)
прыхільнікі сектанцкай тактыкі байкоту парламенцкіх выбараў у краінах Зах. Еўропы.
абсу́рд
(лац. absurdus = недарэчны)
недарэчнасць, бязглуздзіца.
абсцы́са
(лац. abscissa = адрэзаная, абсечаная)
мат. адна з трох каардынат, якія паказваюць месцазнаходжанне пункта ў прасторы.
абтура́тар
(фр. obturateur, ад лац. obturare = закупорваць)
1) прыстасаванне ў затворах гармат, якое не дапускае прарыву парахавых газаў пры выстрале;
2) затвор, які перыядычна перакрывае светлавы паток у кіназдымачных, кінапраекцыйных, фотаэлектронных і іншых апаратах.
абтура́цыя
(фр. obturation, ад лац. obturare = закупорваць)
ваен. герметызацыя канала ствала, якая не дапускае прарыву парахавых газаў пры выстрале з агнястрэльнай зброі.
абулі́я
(гр. abulia = нерашучасць)
псіх. расслабленне ці страта волі, выкліканая хваробай; бязволле.
абутыло́н
(н.-лац. abutilon, ад ар. aubutylun)
кустовая або травяністая расліна сям. мальвавых з буйным лісцем і адзіночнымі кветкамі аранжавага, чырвонага, жоўтага, белага колераў, пашыраная ў тропіках і субтропіках; дае грубае валакно; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; канатнік.
абца́с
(польск. obcas, ад ням. Absatz)
цвёрдая набойка на падэшве абутку пад пятой.