ТЫЛ,
1) тэрыторыя краіны, што ваюе, з яе насельніцтвам і эканам. рэсурсамі, акрамя раёна (зоны) ваен. дзеянняў.
2) Сістэма органаў кіравання, сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і тэхн. забеспячэння войск (Т. узбр. сіл). Як састаўная частка ўзбр. сіл і абарончага патэнцыялу дзяржавы Т. забяспечвае ўтрыманне запасаў матэрыяльных сродкаў і іх падвоз да фронту, падрыхтоўку, эксплуатацыю, тэхн. прыкрыццё і аднаўленне шляхоў зносін (сумесна з інш. органамі і ўстановамі дзяржавы), а таксама аказанне мед. дапамогі, гандлёва-быт., кватэра-эксплуатацыйнае, фінансавае забеспячэнне ваеннаслужачых і інш.).
Паняцце «Т.» узнікла ў старажытнасці разам са стварэннем армій. У наёмных арміях 15—17 ст. функцыі забеспячэння выконвалі гандляры (маркітанты), пазней т.зв. магазіны (склады-магазіны). якія размяшчаліся на верагодных напрамках ваен. дзеянняў. У рэгулярных арміях фарміраваліся падраздзяленні для цэнтралізаванага тылавога забеспячэння войск і флатоў. Са з’яўленнем у шэрагу краін масавых армій паняцце «Т.» станавілася больш разнастайным: ствараліся Т. відаў узбр. сіл, адпаведных родаў войск. Істотныя змены ў разуменне Т. ўнеслі ракетна-ядзерная зброя і інш. сучасная тэхніка.
Т. Узбр. Сіл Беларусі падзяляецца паводле маштабу і характару задач на стратэг., аператыўны і вайсковы; паводле прыналежнасці — Т. цэнтра, відаў узбр. сіл, брыгадны (палкавы) і батальённы (дывізіённы). Арганізацыйна фарміраванні і ўстановы Т. ўваходзяць у склад аператыўных камандаванняў, злучэнняў і часцей узбр. сіл, а таксама знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні цэнтр. органаў кіравання. Міністр абароны і ген. штаб ажыццяўляюць кіраўніцтва Т. праз нам. міністра абароны па тыле — начальніка Т. ўзбр. сіл, камандуючых відамі ўзбр. сіл і інш. цэнтр. ўстановы. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Т. ажыццяўляецца ў Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ і інш. 3) Тыльны бок строю (або ч. яго), баявога парадку, аператыўнага пастраення войск (сіл), процілеглы пярэдняму (фронту).
І.К.Кузняцоў.
т. 16, с. 73
ТЫЛА́К Балгангадхар (23.7.1856, Ратнагіры, штат Махараштра, Індыя — 1.8.1920),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху, вучоны. Скончыў Дэканскі каледж (г. Пуна, 1879). Юрыст. З 1881 выдаваў грамадска-паліт. газеты. У 1890-я г. супрацоўнічаў з Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК), лідэр яго радыкальнага крыла, т.зв. экстрэмістаў, якія стаялі за сур’ёзныя паліт. рэформы ў Брыт. Індыі, за ўцягванне ў паліт. барацьбу шырокіх нар. мас. За арганізацыю нац.-рэлігійных святкаванняў і паліт. дзейнасць у 1908 брыт. суд асудзіў Т. на 6 год турэмнага зняволення. З 1914 Т. — адзін з лідэраў барацьбы за самакіраванне для Індыі. У 1916 ён падпісаў т.зв. Лакхнаўскі пакт з кіраўніцтвам Мусульманскай лігі пра адзінства з ІНК у барацьбе за незалежнасць Індыі. Аўтар навук. прац, прысвечаных аналізу ранніх этапаў інд. цывілізацыі.
т. 16, с. 73
ТЫЛАЦЫ́Н,
сумчатае млекакормячае, гл. Сумчаты воўк.
т. 16, с. 73
ТЫ́ЛБЕРГ, Тыльбергс (Tübergs, Tillbergs) Яніс (2.7.1880, Рыга — 7.11.1972), латвійскі мастак. Нар. маст. Латвіі (1955). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901—09). У 1911—15 выкладаў у Рыжскай гар. маст. школе, у 1918—19 у Нар. маст. школе ў Віцебску, у 1921—32, 1947—57 праф. у АМ у Рызе. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Творам уласцівы дакладнасць малюнка і перадача пластыкі цела чалавека, імкненне да манахромнасці. Сярод твораў партрэты К.Ліндэ (1923), Я.Райніса (1925), Э.Смілгіса (1949), аўтапартрэт (1951), «Каўгурцы» (1957). Выканаў ілюстрацыі да рамана «Зямля зялёная» А.Упіта (1948).
Літ.:
Сидорова В.А. Я.Тильберг. М., 1952.
С.У.Пешын.
т. 16, с. 73
ТЫ́ЛБУРГ (Tilburg),
горад на Пд Нідэрландаў. Каля 200 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Вілхелмінаканале. Прам-сць: тэкст., пераважна шарсцяная; маш.-буд., хім., харчовая. Каталіцкі ун-т. Музеі: тэкстыльны, прыродазнаўчы Паўн. Брабанта.
т. 16, с. 73
ТЫЛЕ́ЦЫЯ (Tilletia),
род галаўнёвых грыбоў сям. тылецыевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 10 відаў. Паразітуюць пераважна на злакавых і асаковых раслінах. Найб. вядомы ўзбуджальнікі цвёрдай, або мокрай (T. caries, ці T. tritici), і карлікавай (T. controversa) галаўні пшаніцы, а таксама галаўні жыта (T. secalis) і ячменю (T. hordei).
Міцэлій шматклетачны, бясколерны, разрастаецца пераважна ў жывых клетках расліны-гаспадара. У заражаных клетках гіфы ўтвараюць гаўсторыі, з дапамогай якіх грыб жывіцца. Хламідаспоры (тэліяспоры) развіваюцца ў завязі, радзей у інш. вегетатыўных ч. расліны. Маюць гладкую, сеткаватую або шчаціністую абалонку, часта селядзечны пах, абумоўлены наяўнасцю трыметыламіну. Пашырэнне інфекцыі адбываецца ў час малацьбы, калі споры трапляюць на здаровыя зярняўкі.
С.І.Бельская.
т. 16, с. 73
ТЫЛЕ́Я (Tillaea),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Т. вадзяная (T. aquatica). Расце на вільготных пясчаных берагах рэк, азёр, на водмелях.
Т. вадзяная — аднагадовая травяністая расліна выш. 2—5 см. Сцёблы разгалінаваныя, у вадзе прамастойныя, на глебе — распасцёртыя, у вузлах укаранелыя. Лісце супраціўнае, сядзячае, лінейна-завостранае. Кветкі белыя, размешчаныя па адной у пазухах лісця. Плод — чатырохлістоўка.
т. 16, с. 73
ТЫЛІ́ТЫ (англ. tillite ад till валунная гліна),
выкапнёвыя марэны стараж. (даантрапагенавых) зледзяненняў. Уяўляюць сабой стракатаколерныя ці шэрыя глініста-алеўрыта-пясчаныя масіўныя несартаваныя адклады з уключэннем валуноў розных памераў і саставу, плітачнай, брусчатай ці прасавай формы, часам з ледавіковай штрыхоўкай, Утвараюць моцна ўшчыльненыя або слабаметамарфізаваныя паклады, у якіх адзначаюцца гляцыядыслакацыі і адорвені падсцілаючых парод. Адрозніваюць Т. марскія (утвораны ў выніку лёдавага разносу і адкладаў у моры) і кантынентальныя. Трапляюцца ў пратэразойскіх, кам.-вуг., пермскіх і інш. адкладах. Выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, палеагеаграфіі (палеакліматалогіі) і інш.
т. 16, с. 73
ТЫЛКО́ЎСКІ (Tylkowski) Войцех (1624, Мазовія, Рэч Паспалітая — 1695),
польскі філосаф-тэолаг. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах, працаваў у Ватыкане. У 1677—81 праф. Віленскай акадэміі, пазней кіраваў папскай семінарыяй у Вільні. Аўтар твораў па філасофіі, тэалогіі, прыродазнаўстве. У гал. яго працы — 9-томнай «Займальнай філасофіі» (Кракаў, 1669), прысвечанай логіцы, метафізіцы і этыцы, шмат звестак па гісторыі прыродазнаўства і медыцыны. Нягледзячы на ўстарэласць звестак і езуіцкую казуістыку, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў творы Т. былі для езуіцкіх прафесараў адной з гал. крыніц прыродазнаўчых ведаў. З дапамогай лагічных прыёмаў і фармальных доказаў ён абгрунтоўваў і абараняў догматы рэлігіі, існаванне Бога як стваральніка сусвету і бессмяротнасць душы. У поглядах на гісторыю Т. прытрымліваўся правідэнцыялізму, паводле якога ўся дзейнасць людзей — гэта ажыццяўленне раней прадугледжанага «божага плана»; гісторыя і мінулае маюць значэнне толькі таму, што ў іх ёсць божыя прадбачанні сучаснага і будучыні.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 74
ТЫЛЬЗІ́ЦКІ МІР 1807,
мірны дагавор паміж Расіяй і Францыяй, які завяршыў руска-пруска-французскую вайну 1806—07. Падпісаны 7 ліп. ў г. Тыльзіт (цяпер г. Савецк Калінінградскай вобл. Расіі) у выніку асабістых перагавораў паміж імператарамі Аляксандрам I і Напалеонам I. Паводле Т.м. Прусія страчвала амаль палавіну сваёй тэрыторыі: на адабраных у яе землях утвараліся Вестфальскае каралеўства і Варшаўскае герцагства; Беластоцкая вобласць адыходзіла да Расіі; Данцыг (цяпер Гданьск) абвяшчаўся вольным горадам. Расія абавязвалася спыніць вайну з Турцыяй і пасрэднічаць у мірных перагаворах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Францыя абавязвалася выступіць пасрэднікам паміж Расіяй і Турцыяй. Расія далучалася да накіраванай супраць Вялікабрытаніі кантынентальнай блакады і прызнавала суверэнітэт Францыі над Іанічнымі астравамі, абавязвалася вывесці войскі з Дунайскіх княстваў. Т.м. ускладніў міжнар. і эканам. становішча Расіі, выклікаў руска-англійскую вайну на моры 1807—12. Дзейнічаў да вайны 1812.
т. 16, с. 74