ТЫЛЕ́ЦЫЯ (Tilletia),

род галаўнёвых грыбоў сям. тылецыевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 10 відаў. Паразітуюць пераважна на злакавых і асаковых раслінах. Найб. вядомы ўзбуджальнікі цвёрдай, або мокрай (T. caries, ці T. tritici), і карлікавай (T. controversa) галаўні пшаніцы, а таксама галаўні жыта (T. secalis) і ячменю (T. hordei).

Міцэлій шматклетачны, бясколерны, разрастаецца пераважна ў жывых клетках расліны-гаспадара. У заражаных клетках гіфы ўтвараюць гаўсторыі, з дапамогай якіх грыб жывіцца. Хламідаспоры (тэліяспоры) развіваюцца ў завязі, радзей у інш. вегетатыўных ч. расліны. Маюць гладкую, сеткаватую або шчаціністую абалонку, часта селядзечны пах, абумоўлены наяўнасцю трыметыламіну. Пашырэнне інфекцыі адбываецца ў час малацьбы, калі споры трапляюць на здаровыя зярняўкі.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)