Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫЗЕНГА́ЎЗ Антоній (1733, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1785),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. З роду Тызенгаўзаў. Падстароста гродзенскі з 1757, вял. пісар ВКЛ у 1763—64, канюшы ВКЛ у 1764—65, падскарбі надворны ВКЛ з 1765, адначасова староста гродзенскі, адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761, у 1773—80 узначальваў на соймах каралеўскую партыю. Намаганнямі Т. Гродна стала месцам работы дзярж. устаноў: Скарбовай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацыі, сельскай гаспадаркі, прам-сці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Адм. цэнтрам эканам. дзейнасці Т. стала збудаванае ім прадмесце Гродна — Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваны Ж.Э.Жыліберам бат. сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гандл. і эканам. кантору. Займаўся гадоўляй мяса-малочных парод жывёлы, племянных жарабцоў. Выкарыстоўваў парнікова-цяплічную сістэму. Арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую капэлу Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіяльных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ. «Газэта Гродзеньска». Рэканструяваў цэнтр мяст. Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гасп. палітыкі Т. У ліп. 1780 Т. адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Т. ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б. езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.

Літ.:

Гибянский И.Г. Граф Аятоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. Пг., 1916;

Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny litewski. T. 1—2. Londyn. 1970—71.

Ю.​Я.​Гардзееў.

А.Тызенгаўз.

т. 16, с. 72

ТЫЗЕНГА́ЎЗА РЭФО́РМА,

сістэма эканам. мерапрыемстваў у каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ у 1760—70-я г., праведзеных па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза. Рэформа прадугледжвала: аднаўленне ў эканоміях фальваркаў з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем зах.-еўрап. тэхнікі; арганізацыю ў эканоміях мануфактур, заснаваных на дармавой працы каралеўскіх сялян; стварэнне разгалінаванай сістэмы сухапутных шляхоў і сплаву па рэках для стымулявання гандлю. Т.р. пачалася ў 1765 з перамеру зямлі. Для сялян была створана своеасаблівая сістэма страхавання («камунальныя магазіны» з рэзервовым запасам збожжа і «камунальныя касы»). У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Значна выраслі даходы скарбу ВКЛ. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканам. становішча феадальна-залежнага насельніцтва эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпаліт. (адхіленне Тызенгаўза ад пасады і інш.) і знешнепаліт. (падзелы Рэчы Паспалітай) падзеямі.

І.​Ф.​Кітурка.

т. 16, с. 72

ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,

шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:

Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл. Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.​Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 16, с. 73