Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫ́ЧКА Галіна Казіміраўна (н. 11.1 1.1955, в. Сташулі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літаратуразнавец і крытык. Канд. філал. н. (1987). Скончыла БДУ (1978). Настаўнічала, працавала перакладчыцай, у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», з 1995 выкладае ў Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Друкуецца з 1975 (вершы). Даследуе маральна-этычныя пошукі сучаснай бел. прозы.

Тв.:

Творчасць Янкі Купалы і традыцыі духоўнай рэгіянальнасці ў польскай літаратуры XIX — пачатку XX стст. Мн., 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 84

ТЫЧЫ́НА Анатоль Мікалаевіч (11.5.1897, в. Грузджай Шаўляйскага пав., Літва — 22.12.1986),

бел. графік, адзін з заснавальнікаў бел. кніжнай графікі. Працаваў у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. У пошуках нац. стылю афармлення звяртаўся да традыцый нар. мастацтва: вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі» (1925), «Магіла льва» Я.​Купалы, «Чалавек ідзе» Я.​Маўра (абедзве 1927). Лепшым яго творам уласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дасканалы малюнак, багацце тэхн. прыёмаў: «На электрастанцыі» (1925), «Мінск. Савецкая вуліца» (1940), «Разбураны Мінск» (1945), «Аднаўленне Мінска» (1948), «На рацэ Сож» (1960), «900 гадоў Мінску» (1967), «Архітэктурны помнік 18 ст.» (1971), «На возеры» (1976), «Я.​Купала ў камунараў Палесся» (1981), «М.​Багдановіч у Ялце» (1982), «На дзіцячай чыгунцы», «Зона адпачынку (Зялёны Луг)», «Праспект Леніна (Усход 1)» (усе 1984). Майстар экслібрыса: М.​Шчакаціхіна (1926), А.​Мальдзіса (1971) і інш.

Літ.:

Шлюбскі А. Exlibris’ы А.​Тычыны. Мн., 1928;

А.​М.​Тычына / Аўтар тэксту П.​Герасімовіч. Мн., 1961;

А.​М.​Тычына / Аўтар тэксту У.​Бойка. Мн., 1978.

В.​Ф.​Шматаў.

А.Тычына. Архітэктурны помнік 18 ст. 1971.

т. 16, с. 84

ТЫЧЫ́НА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; н. 10.2.1943, пас. Ленінскі Алданскага р-на, Якуція),

бел. літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (2001). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Настаўнічаў. З 1970 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі (з 1995 заг. аддзела). Друкуецца з 1963 (вершы), як крытык і літ.-знавец з 1970. Даследуе праблемы маст. мыслення, творчай індывідуальнасці, нац. характару, традыцый і наватарства, ролю фальклору ў абнаўленні сучаснай бел. л-ры: кн. «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.​Жураўлёвым, 1982), «Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991), зб-кі крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), «Гісторыі беларускай літаратуры. XX ст.» т. 1—4, 1999—2002) і інш. Прозе Т. (кн. «Дажынкі», 1979) уласцівы аўтабіяграфічнасць, тонкі псіхалагізм, глыбокі лірызм, гумар. Аўтар аповесці пра К.​Чорнага «Вяртанне» (1984). Перакладае з рус. і бел. моў.

Тв.:

Народ и война: Нац. характер как объект изображения: Опыт ист.-типол. анализа бел. воен. прозы. Мн., 1985;

Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999;

Карані і крона: Фальклор і літаратура. 2 выд. Мн.,2002.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 84

ТЫЧЫ́НА Паўло Рыгоравіч (27.1.1891, с. Пяскі Бабровіцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.9.1967),

украінскі паэт, дзярж. і грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1929), чл.-кар. Балг. АН (1947). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1936—39 і 1940—43 дырэктар Ін-та ўкр. л-ры АН Украіны. У 1943—48 міністр асветы Украіны. Друкаваўся з 1912. Першы зб. «Сонечныя кларнеты» (1918). Шырокі эпічны план у паэме «Шабля Катоўскага» (1938), драм. паэме «Шаўчэнка і Чарнышэўскі» (1939). У зб. «Перамагаць і жыць» (1942), паэме «Пахаванне сябра» (1943) — гераізм людзей у Вял. Айч. вайну. Аўтар зб-каў «Плуг», «Замест санетаў і актаў» (абодва 1920), «Вецер з Украіны» (1924), «Пачуццё сям’і адзінай» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Сталь і пяшчота» (1941), «І расці, і дзейнічаць» (1949), «Магутнасць нам дадзена» (1953), «Мы — сумленне чалавецтва» (1957), «Расці, цудоўны свет» (1960). Паэзіі ўласцівы багацце рытмікі, сувязь з укр. песеннасцю. На працягу многіх гадоў Т. звязвала творчая дружба з Я.​Купалам і Я.​Коласам. Пераклаў асобныя творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Панчанкі. На бел. мову яго творы перакладалі М.​Аўрамчык, Броўка, А.​Вялюгін, Х.​Жычка, Я.​Колас, М.​Танк і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1962.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Ахрыменка П. Паўло Тычына і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.

П.Р.Тычына.

т. 16, с. 85

ТЫЧЫ́НКА,

мужчынскі генератыўны орган кветкі, гамалагічны мікраспарафілу. Тыповая Т. складаецца з тычынкавай ніткі, дзе знаходзіцца праводны пучок, пыльніка, у якім размешчаны мікраспарангіі, і звязніка, што іх злучае. Сукупнасць Т. у кветцы складае яе андрацэй. На кветаложы Т. размяшчаюцца па спіралі (казяльцовыя), кругамі (ружавыя), дасягаюць вял. колькасці (да 300 у кактусаў), зрастаюцца ці склейваюцца пыльнікамі (складанакветныя) або поўнасцю (гарбузовыя), у пучкі (святаяннікавыя), а таксама з інш. ч. кветкі. У аднаполых жан. кветках Т. трацяць сваю асн. функцыю і ператвараюцца ў стэрыльныя стамінодыі, часам у нектарнікі. Лічыцца, што з Т. утварыліся пялёсткі венчыка. Форма Т. з’яўляецца сістэм. адзнакай.

т. 16, с. 85

ТЫЧЭ́ЦКІ Б.Л., бел. архітэктар канца 18—1-й пал. 19 ст. У 1827 пабудаваў Сноўскі палацава-паркавы ансамбль. Стварыў шэраг праектаў пабудоў для сядзібы ў в. Беніца Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. і ў г. Пружаны Брэсцкай вобл.

т. 16, с. 85